Магутнасці падземных газавых сховішчаў у Беларусі да 2020 года будуць павялічаны да 4,5 млрд.куб.м

23 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі магутнасці падземных газавых сховішчаў да 2020 года плануецца павялічыць да 4,5 млрд.куб.м. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк 22 ліпеня ў Мінску на сустрэчы з журналістамі з краін Еўрасаюза, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Запланаваныя магутнасці будуць адпавядаць Дырэктыве Еўрапейскага саюза, якая рэгулюе будаўніцтва газавых сховішчаў, адзначыў намеснік міністра. У цяперашні час у падземных газавых сховішчах Беларусі можа захоўвацца 980 млн.куб.м газу. Прэс-тур журналістаў з краін ЕС у Беларусь працягнецца па 24 ліпеня. 13 журналістаў прадстаўляюць сродкі масавай інфармацыі з Аўстрыі, Чэхіі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Грэцыі, Венгрыі, Італіі, Латвіі, Польшчы, Партугаліі, Румыніі і Вялікабрытаніі. "Мэта візіту - лепш азнаёміць грамадзян дзяржаў - членаў ЕС з канкрэтнымі праектамі, якія ЕС ажыццяўляе ў Беларусі ў рамках Еўрапейскай палітыкі суседства (ЕПС)", - адзначаюць арганізатары візіту.