Злачынец, які падмануў некалькі тэкстыльных прадпрыемстваў Беларусі, затрыманы ў Віцебскай вобласці
Аферыст, які падмануў некалькі тэкстыльных прадпрыемстваў Беларусі, затрыманы ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні (па Віцебскай вобласці) ГУБВП МУС Беларусі.
Арганізатар злачыннай схемы, паводле даных праваахоўных органаў, датычны да крадзяжоў шляхам махлярства не менш чым на трох прадпрыемствах тэкстыльнай прамысловасці розных абласцей Беларусі з агульным уронкам больш за Br1 млрд. У дачыненні да яго ўпраўленнем Следчага камітэта Беларусі па Віцебскай вобласці ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт.14, ч.4 арт.209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Замах на махлярства ў асабліва буйных памерах). Санкцыі артыкула прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Аферыст трапіўся пры спробе крадзяжу маёмасці ААТ "Віцебсктэкстыльгандаль" на суму Br795 млн., распавялі падрабязнасці ва ўпраўленні. У лютым бягучага года падчас правядзення супрацоўнікамі ўпраўлення (па Віцебскай вобласці) ГУБВП сумесна з ГУУР МУС Беларусі, крымінальнай міліцыяй УУС Віцебскага і Магілёўскага аблвыканкамаў аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што група асоб мае намер здзейсніць махлярскае запазычанне маёмасці акцыянернага таварыства, заключыўшы дагавор пастаўкі тэкстыльнай прадукцыі з адтэрміноўкай плацяжу, пры гэтым ніякіх разлікаў з прадпрыемствам яны рабіць не збіраліся.
Супрацоўнікамі ГУБВП у дачыненні да аферыстаў была праведзена камбінацыя, падчас якой была імітавана пагрузка тавараў у грузавы аўтамабіль і іх далейшы вываз у Маскву па адрасе, паказаным арганізатарам махлярскага запазычання. Самога махінатара затрымалі ў Оршы на шляху следавання ў Маскву. Ім аказаўся непрацуючы, не судзімы 47-гадовы жыхар Гродна. Пры ім знаходзіліся сем мабільных тэлефонаў, пяць сім-карт, шэсць пячатак беларускіх і расійскіх суб'ектаў гаспадарання, камп'ютарная тэхніка.
Зламыснік быў хітры і асцярожны. З прадпрыемствамі ён кантактаваў па мабільным тэлефоне і выкарыстоўваў электронную пошту, зарэгістраваную на старонніх, а часам і выдуманых асоб, што выключала яго візуальнае распазнанне і ўстанаўленне асобы. Грузаперавозчыкаў ён таксама наймаў ускосна. Перад здзяйсненнем злачынства мужчына старанна вывучаў звесткі аб гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства, атрыманыя з адкрытых крыніц, звесткі аб іх кантрагентах. Перамовы ён праводзіў з выкарыстаннем рэквізітаў рэальна існуючых беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў, для чаго вырабіў падробленыя пячаткі і дакументы. Выкрадзеную прадукцыю зламыснік рэалізоўваў на рынках Падмаскоўя па цане істотна ніжэйшай за рынкавую.
На думку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, прадпрыемствы маглі прадухіліць гэтыя крадзяжы. Для гэтага дастаткова было наўпрост звязацца з партнёрамі, удакладніць у службовых асоб паўнамоцтвы пакупніка, правесці сверку фінансавых дакументаў.