Маскоўская вобласць праявіла цікавасць да інвеставання ў малую энергетыку Віцебскай вобласці

28 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Маскоўская вобласць праявіла цікавасць да інвеставання ў малую энергетыку Віцебскай вобласці. Аб гэтым сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама паведаміў яго старшыня Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Падмаскоўныя прадпрыемствы гатовы прыняць удзел у будаўніцтве гідраэлектрастанцый на малых рэках. Агульная магутнасць такіх гідраэлектрастанцый, пабудаваных на першых этапах супрацоўніцтва, можа дасягнуць 10 МВт. Інвестыцыйны інтарэс Маскоўскай вобласці не абмяжоўваецца толькі энергетычнай сферай. Перапрацоўка лёну, развіццё радыёэлектронікі таксама прыцягнулі ўвагу расійскіх бізнесменаў. Віцебская вобласць атрымала запрашэнне прыняць удзел у інвестыцыйным форуме, які Маскоўская вобласць мае намер правесці восенню. Па словах Аляксандра Косінца, восенню ж плануецца візіт у вобласць афіцыйнай дэлегацыі Падмаскоўя. -0-