Масквічы просяць павялічыць колькасць кірмашоў беларускай прадукцыі
14 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Жыхары Савёлаўскага раёна Паўночнай адміністрацыйнай акругі (ПАА) Масквы просяць сваю ўправу павялічыць колькасць кірмашоў выхаднога дня з удзелам беларускіх прадпрыемстваў. Пра гэта стала вядома пасля чарговага кірмаша, які правялі ў пачатку верасня віцебскія прадпрыемствы ў Савёлаўскім раёне, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама.
Прадпрыемствы Прыдзвіння ў адпаведнасці з дагаворам аб супрацоўніцтве паміж Віцебскай вобласцю і ПАА арганізуюць выязны гандаль у Маскве з 2004 года. Як правіла, кірмашы праходзяць раз у квартал. На іх прадстаўляецца прадукцыя прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, спажывецкай кааперацыі, лёгкай прамысловасці. Попыт на беларускія тавары велізарны. Так, толькі падчас апошняга выязнога гандлю каля 30 прадпрыемстваў вобласці прадалі сваёй прадукцыі на агульную суму амаль на 5 млн. расійскіх рублёў. Спецыялісты камітэта адзначылі, што масквічоў прываблівае не толькі рэальны кошт беларускіх тавараў, але і іх якасць. Як змаглі пераканацца пакупнікі, прадукты харчавання з Беларусі экалагічна чыстыя, выраблены з натуральных інгрэдыентаў. У сувязі з гэтым ва ўправу ўсё часцей сталі паступаць просьбы жыхароў аб арганізацыі беларускіх кірмашоў раз на месяц.
З пачатку бягучага года прадпрыемствы вобласці правялі ў розных раёнах ПАА пяць кірмашоў. Сярэдняя выручка на кожным кірмашы складала 4-5 млн. расійскіх рублёў. Акрамя Масквы, віцебскія вытворцы ўдзельнічаюць у выязным гандлі ў Санкт-Пецярбургу. У сакавіку бягучага года 28 прадпрыемстваў рэгіёну прадалі сваёй прадукцыі на 4 млн. расійскіх рублёў. У канцы верасня больш за 20 вытворцаў зноў адправяцца ў горад на Няве, каб прыняць удзел у кірмашы "Дары восені". -0-