Матываваныя прадпрыемствы знаходзяць магчымасці для развіцця ў любых умовах - Уладзімір Андрэйчанка

Матываваныя прадпрыемствы знаходзяць магчымасці для развіцця ў любых умовах - Уладзімір Андрэйчанка Укладваючы сродкі ў развіццё, прадпрыемства забяспечвае сабе будучыню. Такім меркаваннем падзяліўся ў Талачынскім раёне з журналістамі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка. 

Уладзімір Андрэйчанка ўчора знаходзіўся з рабочай паездкай у Віцебскай вобласці, дзе разглядаюцца пытанні арганізацыі і правядзення вясновай сяўбы. Старшыня Палаты прадстаўнікоў наведаў РУП "Талачынскі кансервавы завод", дзе Уладзіміру Андрэйчанку далажылі аб мадэрнізацыі бульба-, плада- і агароднінасховішчаў. З удзелам спікера быў урачыста адкрыты новы цэх прадпрыемства па вытворчасці сокаў без дадання вады і цукру. Дзяліўшыся ўражаннямі ад наведвання кансервавага завода, спікер адзначыў, што талачынскае прадпрыемства ў 1990-я гады, як і іншыя вытворцы, перажывала вельмі цяжкія часы. 

"Тут пабываў кіраўнік дзяржавы, быў аформлены пратакол даручэнняў, і ён ужо выкананы. Прадпрыемства паспяхова развіваецца, у тым ліку дзякуючы граматнай, узважанай палітыцы кіраўніцтва завода, якое працуе на перспектыву, - лічыць Уладзімір Андрэйчанка. - Важна тое, што гэта прадпрыемства працуе на ўласнай сыравіне, і мы сёння адкрылі тут новы цэх па вытворчасці сокаў, якія таксама будуць выпрацоўвацца з пладоў і ягад, выгадаваных у раёне. Да таго ж гэта новыя працоўныя месцы, што вельмі актуальна". 

Сярэдні заробак па прадпрыемстве па выніках мінулага года - Br6 млн 800 тыс. Прадпрыемства мае 6 тыс. га ворнай зямлі, вырошчвае вялікую колькасць бульбы, ураджайнасць якой у мінулым годзе склала 530 ц/га, апрацоўвае збожжавыя з добрым вынікам - 53 ц/га. 

"Гэта годны прыклад для пераймання. Калі прадпрыемства не праядае ўласныя грошы і не патрабуе бюджэтных сродкаў, а за кошт уласных абаротных рэсурсаў атрымлівае такое развіццё. Вялікая ўвага надаецца калектыву, стварэнню ўмоў для працы. Яны глядзяць у будучыню. Ёсць планы пабудаваць цэх хуткай замаразкі, пашырыць сад, які і так не маленькі. Гэта адказ усім скептыкам, якія кажуць, што шмат цяжкасцей, немагчыма працаваць. Тут людзі працуюць і ўпэўнена глядзяць у будучыню", - падкрэсліў старшыня Палаты прадстаўнікоў. 

Талачынскі кансервавы завод - дынамічнае прадпрыемства, якое развіваецца. Тут вядзецца работа па фарміраванні інтэграцыйнай структуры па вытворчасці, захоўванні, перапрацоўцы і рэалізацыі пладова-ягаднай прадукцыі, бульбы і бульбапрадуктаў.

Алена Ціханава - БЕЛТА.