Мотагоншчыкі ад 5 да 80 гадоў з розных краін спаборнічалі ў Воршы

Ступень напружання барацьбы ў мінулыя выхадныя зашкальвала — у Оршы спаборнічалі лепшыя мотакроссеры Беларусі, Расіі, Германіі, краін Балтыі. Адкрыты кубак Рэспублікі Беларусь сярод дзяцей, моладзі і дасведчаных гоншчыкаў сабраў сотні.


Удзельнікі адзначылі выдатна падрыхтаваную трасу — шасціметровай шырыні грунтавы трэк даўжынёй каля 2 км.

У заездах у розных катэгорыях змагаліся амаль 100 гоншчыкаў ад 5 да 80 гадоў. У першы дзень былі разыграны камплекты узнагарод у пяці класах Кубка краіны. Сярод 20 юных гоншчыкаў бясспрэчнымі лідарамі сталі Яўген Міронаў, Стас Кашляк з Мінска, а сярод дзяўчынак перамогу атрымала Вікторыя Гаравец з Оршы.

Не менш цікава было назіраць і за няўхільнай барацьбой экіпажаў матацыклаў з каляскамі. Саступіўшы ўсяго ачко гродзенскім спартсменам, Леанід і Аляксей Тарановы з Віцебска сталі сярэбранымі прызёрамі, а браты-блізняты з Оршы Валерый і Андрэй Жывуцкія прыйшлі да фінішу трэцімі.

«Серабро» Кубка Рэспублікі Беларусь дасталася віцебскаму мотакроссеру Уладзіміру Данькову ў класе «ATV Sport».

Дарэчы, Орша прызнана цэнтрам тэхнічных відоў спорту не выпадкова. Як распавёў ганаровы член ДТСААФ Рэспублікі Беларусь, старшы суддзя нацыянальнай катэгорыі, майстар спорту па мотакросе Мікалай Велюга, тут на працягу чатырох дзесяцігоддзяў праходзяць адборачныя, рэспубліканскія і міжнародныя спаборніцтвы па аўта- і мотагонках, картынгу, мадэлізму.

На Аршаншчыне выхавана цэлая пляяда знакамітых спартсменаў, чэмпіёнаў свету, Еўропы, краіны. Такіх, як мотакроссер Алег Сазановец. Менавіта ён быў адным з каментатараў цяперашняга адкрытага першынства краіны, у той час як яго сын Аляксандр і ўнук Арцём пераадольвалі стромкія віражы. Кожны ў сваёй катэгорыі прыйшоў да фінішу першым. І гэта пры тым, што здарылася непрадбачанае – у матацыкла Аляксандра Сазанаўца адмовізілі тормазы ў канцы першага круга. І на тых участках дыстанцыі, дзе трэба было запаволіць ход, мужчына вымушаны быў на свой страх і рызыку «ляцець на ўсіх парывах». Аднак усё атрымалася, і пасля

паспяховага фінішу прадстаўнікі трох пакаленняў дынастыі ціснулі адзін аднаму рукі.

Падзяліўся ўражаннямі чатырнаццацігадовы Арцём: «Спадзяваўся на перамогу, паколькі ззаду – дзесяць гадоў трэніровак і спаборніцтваў. Я дзякуючы дзядулю з 4 гадоў за рулём. Спачатку гэта быў міні-мапед, цяпер – матацыклы з аб'ёмам рухавіка 125 куб. см. За сезон, які доўжыцца з сакавіка па кастрычнік, удзельнічаю больш чым у 50 спаборніцтвах рознага ўзроўню. Выступаў на чэмпіянатах свету і Еўропы. Мне падабаецца магутная энергетыка, экстрым гэтага віду спорту». Акрамя кубка і медалёў, Арцём атрымае і новенькі матацыкл КТМ-125.

Упартая барацьба на трэку разгарнулася паміж ветэранамі спорту – маладзечанскім мотакросам Віталем Карасцікам і госцем з Германіі Майкам Фогелем. З розніцай у пяць ачкоў беларускі спартсмен адразу адваяваў у немца Кубак.

Па выніках агульнакаманднага заліку першае і трэцяе месцы ў мінчан, другое – у СДЮСТШ Оршы.

Вольга Лебедзева, фота аўтара. "Віцебскія весці".