Мазаіка "Еўфрасіння Полацкая" з 31 тыс. марак упрыгожыць мерапрыемствы Дня пісьменства ў Полацку

Мазаіка "Еўфрасіння Полацкая", сабраная з 31 тыс. паштовых марак, стане ўпрыгожаннем адной з экспазіцый на святах Дня беларускага пісьменства ў Полацку, паведамілі ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.

"На электронны адрас райвыканкама прышло пісьмо ад мінскага калекцыянера Віктара Язэвіча, які прапанаваў выставіць на святкаваннях, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, сваю працу - вялікую мазаіку з выявай святой прападобнай Еўфрасінні, выкананую з 31 тыс. пагашаных паштовых марак. Цяпер мы вызначаемся, дзе менавіта лепш экспанаваць гэтае незвычайнае пано. Як варыянт, гэта можа быць будынак паштовага аддзялення або іншай установы, найбліжэйшай да зоны святкаванняў", - адзначылі ў райвыканкаме.

Мазаіка раней ужо экспанавалася, напрыклад, на філатэлістычнай выставе ў Магілёве, прымеркаванай да 750-годдзя города. Таксама яна была адзначана на міжнароднай філатэлістычнай выставе "Белфіла-2017". Экспанат выкананы з марак, якія прайшлі пошту, галоўным чынам 14-га стандартнага выпуску памерам 4,3 на 3,3 м.

Як растлумачыў Віктар Язэвіч, ён працуе ў мінскай фірме, якая вядзе шырокую паштовую карэспандэнцыю. "На канвертах сустракалася шмат марак - шкада было выкідваць. Я гэтыя маркі збіраў і вось прыдумаў, як іх выкарыстаць", - сказаў аўтар.

Мерапрыемствы рэспубліканскага свята Дзень беларускага пісьменства пройдуць у Полацку 1-3 верасня.

Кацярына Князева - БЕЛТА.