Мультыборд і камп'ютарныя праграмы па харчаванню прымяняюцца ў школах у Бешанковічах

Мультиборд и компьютерные программы по питанию применяют в школах в Бешенковичах
У Бешанковіцкім раёне мясцовая ўлада аказвае ўсялякую падтрымку ўстановам адукацыі. У 2016 годзе матэрыяльна-тэхнічная база папоўнілася сучасным абсталяваннем для забеспячэння высокага ўзроўню навучання.



– Гэта камп'ютарны клас і халадзільная камера для сярэдняй школы №1 Бешанковіч, на чарзе купля мультыборда – дошкі-камп'ютара. Такі ўжо ёсць у СШ №2. Там жа сёлета адноўлены душавыя кабіны. Для гэтых дзвюх устаноў адукацыі набылі парты-канторкі і сучасныя парты для пачатковай школы. Заменены настаўніцкія дошкі ва Ульскай сярэдняй школе. Замоўлены тры плазменныя панэлі – для СШ №2, раённага Цэнтра дзяцей і моладзі і Ульскага дзіцячага сада, надворнае абсталяванне для дашкольных устаноў райцэнтра, цацкі для ўсіх дзіцячых садоў. Для больш якаснай арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі набыты электронныя вагі, камп'ютарная праграма «Маша». ФСК «Дзвіна» і ўстановы адукацыі папоўніліся новымі трэнажорамі і спартыўным інвентаром, – паведаміла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Салоха.

Нямала ўвагі надаецца Бешанковіцкай раённай гімназіі-інтэрнату, якая была створана ў 2008 годзе на базе дапаможнай школы. Тут два камп'ютарныя класы: адзін выкарыстоўваецца як кабінет інфарматыкі, другі – для вывучэння англійскай і нямецкай моў.

– У 2016 годзе райвыканкам выдзеліў сродкі на набыццё ў гімназію кабінета хіміі, але так супала, што ён таксама паступае па рэспубліканскай праграме. За выдзеленыя райвыканкамам фінансы аснасцілі кабінет біялогіі, у тым ліку сучаснай мультымедыйнай прыладай і экранам, – расказала дырэктар гімназіі-інтэрната Алена Карбоўская.

Для 145 гімназістаў створаны ўсе ўмовы для атрымання адукацыі. А ва ўтульнай сталоўцы прапануюць экспрэс-сняданак і комплексны абед для гарадскіх дзяцей і чатырохразовае харчаванне для 17 навучэнцаў, якія пражываюць у інтэрнаце.


Установа адукацыі ўвайшла ў абласны праект «Школа экалагічнай культуры», у гэтым напрамку працуе другі год. У 2016-м тут стварылі невялікі зімовы сад, у якім пакуль сабраны толькі тыя расліны, што вылучаюць фітанцыды, што вельмі важна ў халодную пару. Да вясны сад зменіцца.

Бібліятэцы дасталося шмат кніг у спадчыну ад былой дапаможнай школы. Фонд пастаянна папаўняецца: пастаўляюцца праграмныя творы беларускіх аўтараў, абнаўляецца навучальная літаратура, нешта набываецца за ўласныя сродкі.

– Хацелася б больш сучаснай мастацкай літаратуры для дзяцей, – адзначыла бібліятэкар Валянціна Ткачонак.

Супрацоўнікі бібліятэкі пачалі ў гімназіі рух буккросінга: чалавек, прачытаўшы кнігу, пакідае яе ў грамадскім месцы для таго, каб яе знайшоў і прачытаў іншы. Цяпер тут нямала ахвотных абмяняцца кнігамі. І на пэўным месцы ў зімовым садзе з'яўляюцца ўсё новыя і новыя выданні.

Алена Алімава. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.«Віцебскія весці».