Мультымадальны прамыслова-лагістычны комплекс у Болбасаве будзе стварацца ў тры этапы
Рэалізацыю маштабнага праекта ў пасёлку Болбасава Аршанскага раёна плануюць завяршыць да 2023 года, пры гэтым разліковы аб'ём інвестыцый складзе амаль 1,2 трлн рублёў.
Праект рэалізуецца ў адпаведнасці з Указам №334 ад 21 ліпеня 2015 года мінскай прыватнай кампаніяй «Брэміна груп». Комплекс будзе ўяўляць сабой буйны партал, прызначаны для размяшчэння вытворчасцей па перапрацоўцы сыравіны, для апрацоўкі грузаў, іх захоўвання і перавалкі, а таксама каардынацыі і ўзаемадзеяння розных відаў транспарту. Як паведамілі «ВВ» у камітэце эканомікі аблвыканкама, на першым этапе да 2018 года ўключна прадугледжваецца ўзвесці адміністрацыйны будынак, два складскія комплексы плошчай адпаведна 10 тыс. кв. м і 20 тыс. кв. м, а таксама стаянку на 500 месцаў для велікагрузных аўтамабіляў і невялікую гасцініцу. Другі этап расцягнецца да 2021 года і можа стаць найбольш інвестыцыйна ёмістым. За гэты час плануецца пабудаваць кансалідацыйныя склады плошчай 50 тыс. кв. м, чыгуначны шлях у 1 км, кантэйнерную пляцоўку і месца для негабарытных грузаў, а таксама офісны комплекс з бізнес-цэнтрам. Па ацэнцы аўтараў праекта, на гэтыя мэты спатрэбіцца прыцягнуць не менш за 520 млрд рублёў, тады як першая і трэцяя чаргі будаўніцтва каштуюць 320 млрд і 350 млрд адпаведна.
На завершальным этапе трэба будзе ў асноўным ствараць збудаванні і інфраструктуру для арганізацыі прамысловых вытворчасцей. У цэлым фінансаванне работ па праекце прадугледжваецца весці за кошт уласных сродкаў інвестара, а таксама прыцягнення крэдытных рэсурсаў і іншых інвестараў. Пасля заканчэння будаўніцтва комплексу частка яго аб'ектаў перададуць ва ўласнасць дзяржавы, а кіраванне імі будзе ажыццяўляць РУП «Белмытсервіс».
У цэлым рэалізацыя інвест-праекта дазволіць паскорыць стварэнне ў Беларусі шматузроўневай сістэмы транспартна-лагістычных цэнтраў і павысіць транзітную прывабнасць краіны і яе патэнцыял у гэтай сферы дзейнасці, а таксама павялічыць прыток валютных паступленняў і падатковых плацяжоў у бюджэт. Акрамя таго, на гэтай пляцоўцы прадугледжваецца арганізаваць больш за 400 рабочых месцаў, што спрыяльна адаб'ецца на мясцовым рынку працы.
Сяргей Анто́наў, «Віцебскія весці».