Смеццеперапрацоўчы завод у Наваполацку пачне сваю працу ў 2009 годзе
11 лістапада, Мінск /Алена Дзямешкавіч - БЕЛТА/. Смеццеперапрацоўчы завод у Наваполацку пачне сваю працу ўжо ў 2009 годзе, паведаміла сёння журналістам кансультант упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ірына Сафронава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аналагічныя прадпрыемствы будуюцца таксама ў Гомелі, Магілёве і Брэсце. Плануецца будаўніцтва смеццеперапрацоўчых заводаў у Мінску, Гродне, Лідзе, Віцебску, Барысаве, Бабруйску і Баранавічах.
У арганізацыях ЖКГ Беларусі аб'ём збору і нарыхтоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) у сярэднім за год павялічваецца на 30-50%. "За жнівень-верасень 2009 года мы сабралі і здалі амаль 45 тыс.т другаснай сыравіны і практычна дасягнулі леташніх паказчыкаў: у 2008 годзе ўдалося сабраць 49 тыс.т", - адзначыла Ірына Сафронава. На яе думку, у гэтым годзе вынікі маглі быць яшчэ вышэйшымі, калі б не знізіліся цэны на ДМР, па якіх другасная сыравіна прымаюць перапрацоўчыя прадпрыемствы. "Засталіся ранейшымі цэны толькі на шклобой. На астатнія традыцыйныя другасныя матэрыяльныя рэсурсы, якія мы збіраем і нарыхтоўваем (плёнку, палімеры і іншыя), цэны знізіліся вельмі прыкметна", - паведаміла прадстаўнік Мінжылкамгаса.
Аб'ём утварэння цвёрдых камунальных адходаў з кожным годам павялічваецца. У 2008 годзе аб'ём адходаў, вывезеных на пахаванне, склаў 17 млн.куб.м па краіне. У 2007 годзе гэтая лічба была крыху больш за 16 млн.куб.м, а ў 2005-м - 15,5 млн.куб.м. Штогод аб'ём утварэння цвёрдых камунальных адходаў павялічваецца на 1 млн.куб.м.
Па словах Ірыны Сафронавай, Мінжылкамгас прымае неабходныя меры для зніжэння аб'ёму адходаў, якія вывозяцца на пахаванне, у прыватнасці за кошт будаўніцтва аб'ектаў сартавання і перапрацоўкі. У 2006 годзе былі масава ўведзены невялікія станцыі сартавання і дасартавання асобна сабраных камунальных адходаў і дасартавання другасных матэрыяльных рэсурсаў. "На жаль, буйных станцый, дзе сартуецца каля 20 тыс.т адходаў штогод, у нас няшмат - усяго пяць", - удакладніла спецыяліст.-0-