Музеі Беларусі падрыхтавалі экспазіцыі да Дня беларускага пісьменства ў Полацку

Музеі Беларусі падрыхтавалі экспазіцыі да Дня беларускага пісьменства ў Полацку, паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі.

Цікавасць гасцей выкліча мультымедыйны праект Нацыянальнага гістарычнага музея, прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. На сэнсарным экране дзякуючы спецыяльна распрацаванаму інтэрактыўнаму праграмнаму забеспячэнню карыстальнікі змогуць атрымаць інфармацыю аб надрукаваных Скарынам кнігах, даведацца аб яго падарожжах па Еўропе, дэталях яго жыццёвага і творчага шляху.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прапануе перасоўную выставу "Жыццё ў слове". Яна складаецца з васьмі банэраў, тэматычна ахоплівае гісторыю беларускага кнігадрукавання з XVI па XXI стагоддзе. На выставе будуць прадстаўлены выявы кніг, якія сталі значнай з'явай у культурным жыцці краіны, адлюстравалі важнае не толькі для гісторыі Беларусі, але і для іншых народаў падзею. Сярод іх Біблія Францыска Скарыны.

Арганізатары таксама фарміруюць падборку аўдыёматар'ялаў, якія дазволяць пазнаёміцца з песеннай творчасцю беларускіх паэтаў. У наведвальнікаў будзе магчымасць пачуць самыя папулярныя беларускія песні ХХ стагоддзя ў выкананні вядомых артыстаў.

Удзельнічаюць у праграме Дня беларускага пісьменства Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.

Юбілейная перасоўная выстава "Янка Купала. 135" раскрывае значнасць творчага генія нацыянальнай літаратуры для краіны, распавядае аб яго дзейнасці як удзельніка выдавецкай справы і рэдактара газеты "Наша ніва". Праект складаецца з дзесяці банэраў, на якіх размешчаны фатаграфіі і паэтычныя радкі Янкі Купалы.

Грамадска-культурная акцыя "Чытаем Купалу разам" прадугледжвае публічнае чытанне вершаў паэта вядомымі асобамі і ўсімі ахвотнымі, правядзенне конкурсаў і забаўляльных гульняў.

Юбілейная перасоўная выстава „Запавет песняра. Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа“ на палатне даўжынёй 4,2 м раскрые асноўныя вехі жыцця і творчасці класіка беларускай літаратуры. Апроч яго афіцыйных фотаздымкаў, прадстаўлены малавядомыя і невядомыя копіі фота народнага паэта, рукапісных дакументаў з фондаў музея Якуба Коласа (афіцыйныя паперы, запрашэнні, старонкі рукапісаў).

Падчас выставы запланавана прэзентацыя перакладу паэмы Якуба Коласа „Сымон-музыка“ на рускую мову. Удзельнікамі мерапрыемства стануць аўтары перакладу — члены Ленінградскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі.

БЕЛТА. Фота з адкрытых крыніц.