Музеі Марка Шагала ў Беларусі і Францыі маюць намер развіваць супрацоўніцтва

Музеи Марка Шагала в Беларуси и Франции намерены развивать сотрудничество

Музеі Марка Шагала ў Віцебску і Ніцы (Францыя) маюць намер развіваць супрацоўніцтва. Узаемная зацікаўленасць у пашырэнні кантактаў выказана падчас наведвання Віцебска прадстаўнікамі музея Ніцы, - паведаміла дырэктар Музея Марка Шагала ў Віцебску Ірына Варонава.

Дырэктар Нацыянальнага музея Марка Шагала ў Ніцы Ані Допфер і захавальнік музея Бланш Грынбаум-Салгас прыбылі ў Беларусь для абмеркавання арганізацыі ў 2017 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі (Мінск) выстаўкі работ Марка Шагала, прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння мастака. Прыехаўшы ў Беларусь, французскія госці не маглі не пабываць на радзіме мастака. У Віцебску яны наведалі Арт-цэнтр Марка Шагала, Мастацкі музей і Дом-музей Марка Шагала. "Два музеі Марка Шагала - у Віцебску і Ніцы - зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва. Ані Допфер з'яўляецца кіраўніком французскага музея не так даўно, і яна была прыемна ўражаная ўбачаным", - адзначыла Ірына Варонава. Дырэктар віцебскага музея таксама выказала надзею, што пашырэнне супрацоўніцтва і ўсталяванне больш цесных кантактаў дапаможа развеяць існуючы ў некаторых краінах стэрэатып, што Шагал нарадзіўся ў маленькай вёсцы. "Госці пераканаліся, што Віцебск - адзін з найбуйнейшых гарадоў Беларусі, па-еўрапейску ўтульны, гасцінны і беражліва захоўвае гістарычную памяць", - заключыла яна.

БЕЛТА.