Музей беларускага кнігадрукавання на Дзень пісьменства раскажа пра Полацк у кніжнай культуры

16 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Музей беларускага кнігадрукавання - філіял Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка прыме ўдзел у Дне беларускага пісьменства ў Глыбокім, расказала карэспандэнту БЕЛТА загадчыца філіяла Алена Шумовіч. Цяперашні год знамянальны для беларускай гісторыі 1150-годдзем Полацка, таму музей плануе арганізаваць у сталіцы Дня пісьменства выязную выставу "Полацк у кніжнай культуры Беларусі". Тут будзе прадстаўлена багатая кніжная спадчына найстаражытнейшага беларускага горада, пачынаючы ад рукапісных кніг, фоліянтаў Францыска Скарыны і Сымона Полацкага і заканчваючы сучаснымі выданнямі серыі "Спадчына Полацкай зямлі" і кнігамі, прысвечанымі 1150-годдзю Полацка. Музей беларускага кнігадрукавання з'яўляецца пастаянным удзельнікам Дзён пісьменства і заўсёды радуе гасцей разнастайнымі выязнымі выставамі. Аднак і ў самім філіяле свята кнігі не застаецца незаўважаным. Вось і ў гэты раз 1 верасня тут адкрыецца выстава факсімільных выданняў з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, прысвечаная знакавай для беларускай культуры даце. Музей беларускага кнігадрукавання - адзін з адзінаццаці музеяў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Размяшчаецца ў памяшканні былой Брацкай школы Полацкага Богаяўленскага манастыра, помніку архітэктуры XVIII стагоддзя. Музей адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў 8 верасня 1990 года падчас святкавання 500-годдзя з дня нараджэння беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, палачаніна Францыска Скарыны. Музей прысвечаны кнізе ва ўсіх яе аспектах, пачынаючы ад першых рукапісных скруткаў да сучаснай кнігі, знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй стварэння пісьменнасці, пісьмовых прылад, кніжнай ілюстрацыі, паліграфіі. Ён з'яўляецца адзіным у Беларусі музеем такога тыпу. Экспазіцыйная плошча музея складае 928 кв.м. Экспазіцыя размяшчаецца ў 15 залах, на двух паверхах, дэманструецца 2500 музейных экспанатаў. Фонды налічваюць каля 12 тыс. прадметаў. Самую вялікую частку музейных экспанатаў складаюць кнігі: рукапісныя, старадрукаваныя, а таксама сучасныя выданні. Старадрукаваныя выданні прадстаўлены цікавымі і прыгожымі выданнямі кірылічнага і лацінскага шрыфтоў. Сярод іх такія рарытэты, як "Евангелле вучыцельнае", выдадзенае ў Вільні друкарняй Мамонічаў у 1595 годзе, венецыянскае выданне Альдаў 1558 года "12 рэчаў" Ераніма Фалецкага. -0-