Музей-аўтобус "Кветкі Вялікай Перамогі" прыедзе ў Віцебск на "Дыялог пакаленняў"
Музей-аўтобус “Кветкі Вялікай Перамогі” наведае Віцебскую вобласць і ўпрыгожыць праграму сустрэчы моладзевага актыву з кіраўніцтвам Віцебска на “Дыялогу пакаленняў”, паведаміў другі сакратар абласнога камітэта БРСМ Дзмітрый Туранок.
Своеасаблівы музей на колах 10 чэрвеня зробіць прыпынак у скверы Маякоўскага каля Цэнтра культуры “Віцебск”, дзе ў гэты дзень абласны камітэт БРСМ дасць старт новаму праекту – “Дыялогу пакаленняў “Кветкі Вялікай Перамогі”. “Удзельнікамі сустрэчы стануць каля 100 чалавек, сярод якіх дэлегаты V Усебеларускага народнага сходу ад моладзі, прадстаўнікі органаў выканаўчай улады, таленавітыя і адораныя рабяты: навукоўцы, спартсмены, бізнесмены, музыканты і іншыя. Яны агучаць праблемы і пытанні моладзевай тэматыкі, прапануюць эфектыўныя шляхі іх вырашэння і разам выпрацуюць канкрэтныя прапановы для абмеркавання на народным веча”, – растлумачыў Дзмітрый Туранок.
Ён дадаў, што праект “Дыялог пакаленняў” працягне сваё “падарожжа” па ўсіх гарадах і раёнах вобласці да канца года ў некалькі этапаў. Першы рэалізуецца зараз – напярэдадні V Усебеларускага народнага сходу моладзь заяўляе аб сваім удзеле ў сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці і краіны, выпрацоўвае прапановы па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Такім чынам “Дыялог пакаленняў” стане лагічным працягам праектаў БРСМ “Адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня” і “Адкрытыя дэбаты “ВЫБІРАЙ.BY!”.
Музей-аўтобус “Кветкі Вялікай Перамогі” – гэта сумесны праект БРСМ і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У перасоўнай музейнай экспазіцыі прадстаўлены экспанаты, якія гавораць пра гераізм беларускага народа і адлюстроўваюць гісторыю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Уваход у музей будзе адкрыты для ўсіх жадаючых, а экспанаты можна пакратаць або прымерыць, сфатаграфавацца. Таксама побач у скверы Маякоўскага разгорнецца праца інтэрактыўных пляцовак ваенна-патрыятычнай, спартыўнай і нацыянальна-культурнай тэматыкі. Паралельна ў малым зале Цэнтра культуры
\"Віцебск\" пройдзе абласны этап рэспубліканскага фестывалю-конкурсу аўтарскай (бардаўскай) песні \"Кветкі Вялікай Перамогі\", пераможцы якога прадставяць рэгіён у фінале 2 ліпеня ў Мінску. Між тым, сёння музей-аўтобус будзе працаваць у Оршы. На ўездзе ў горад яго сустрэне калона рэтра-аўтамабіляў і байкераў з дзяржаўнымі флагамі. Далей перасоўная выстава зробіць прыпынак на Кургане Бессмяротнасці. Пасля мітынгу-ускладання тут будуць арганізаваны розныя маладзёжныя пляцоўкі.Кацярына Князева - БЕЛТА.