Музей гісторыі і культуры Наваполацка прэзентуе выставу «Трагедыя народаў»

Музей истории и культуры Новополоцка представляет выставку «Трагедия народов»
Гэта сумесны праект з маскоўскім музеем Перамогі на Паклоннай гары. У экспазіцыю ўвайшлі рэпартажныя здымкі ваенных карэспандэнтаў, плакаты, фрагменты зброі, франтавыя малюнкі і творы мастакоў пасляваеннага часу. Аб злачынствах нацыстаў сведчаць дакументальныя кадры, рэальныя гісторыі людзей, закатаваных у гета, канцлагерах або выкрадзеных у Германію на прымусовыя работы. Усяго прадстаўлена больш за 50 экспанатаў, палова з якіх - з фондаў Музея Перамогі на Паклоннай гары.


Наваполачане дапоўнілі выставу экспанатамі з мясцовай гісторыі - гэта матэрыялы аб канцлагеры Шталаг № 354, які знаходзіўся ў тыя часы ў Баравусе, партызанскай барацьбе на Полаччыне, асабістыя рэчы і ўзнагароды землякоў - ветэранаў вайны.

- Выстава не проста адлюстроўвае падзеі на тэрыторыі Беларусі ў гады вайны. Многія экспанаты датычацца менавіта Полаччыны. Кожны можа ўбачыць, што адбывалася тут у тыя страшныя гады, - адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. - Гэта трэба памятаць. Мы павінны шанаваць мір, гэта сёння асабліва актуальна. Сыходзіць пакаленне ветэранаў, удзельнікаў вайны, але яшчэ засталіся дзеці вайны, якія прайшлі праз жахі канцлагераў, і іх успаміны бесцанныя.

Праект, рэалізаваны з дапамогай Віцебскага аддзялення Беларускага фонду міру, прысвечаны 80-годдзю трагедыі спалення Хатыні, юбілею бітвы на Курскай дузе, зняццю блакады Ленінграда, Году міру і стваральнай працы ў Беларусі. Як падкрэсліў старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў, захаванне гістарычнай памяці - залог таго, што гэтыя падзеі не паўторацца.

Выстава адкрыта да 25 лютага.

"Віцебскія весці"