Музей Марка Шагала ў Віцебску можа стаць навуковым кансультантам арт-цэнтра ў Нарве
14 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Кіраўніцтва эстонскага горада Нарва мае намер запрасіць "Музей Марка Шагала ў Віцебску" для навуковых кансультацый па стварэнні арт-цэнтра, распавёў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА кіраўнік кансалтынгавай кампаніі па развіцці турызму Consumetric (Талін, Эстонія) Олівер Лодэ. Ён прымае ўдзел у XIX Міжнародных Шагалаўскіх чытаннях, якія праходзяць сёння ў Віцебску.
Эстонскі памежны горад Нарва мае намер актыўна развіваць турыстычную сферу, робячы стаўку на знакамітых людзей, якія потым бывалі ў Нарве. У шэрагу двух дзясяткаў імёнаў асабліва вылучаецца імя вядомага ўраджэнца Віцебска - Марка Шагала, растлумачыў Олівер Лодэ. У 2010 годзе ў Нарве збіраюцца адзначыць стагоддзе з дня знаходжання Шагала ў гэтым горадзе і да таго часу стварыць арт-цэнтр, дзе маглі б тварыць і выстаўляцца сучасныя мастакі. У якасці кансультантаў гэтага праекта мясцовыя ўлады хацелі б прыцягнуць спецыялістаў віцебскага музея. Як адзначыў Олівер Лодэ, у Нарве адкрылі "нарвскую старонку" ў біяграфіі мастака дзякуючы дапамозе "Музея Марка Шагала". У сваю чаргу арт-цэнтр мог бы весці інфармацыйную падтрымку музея ў Эстоніі.
Разам з тым высокі турыстычны патэнцыял Беларусі ў спецыяліста ў сферы турызму не выклікае сумневаў. На думку Олівера Лодэ, для эстонскіх турыстаў велізарную цікавасць выклікала б першародная прырода Беларусі і яе архітэктурныя помнікі савецкай эпохі. Аднак самым прывабным для замежных турыстаў з'яўляецца імя Шагала і ўсё, што з ім звязана. "Беларусі ёсць што паказаць і чым здзівіць, але беларускія кампаніі мала прасоўваюць свае турыстычныя прадукты на рынкі Паўночнай Еўропы", - са шкадаваннем дадаў суразмоўца.-0-