Музей М.Шмырэва адкрые праект "Ганаровыя грамадзяне Віцебска - удзельнікі ВАВ" экспазіцыяй пра В.Кулагіну
18 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Першая выстава праекта "Ганаровыя грамадзяне Віцебска - удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны" адкрыецца сёння ў Віцебскім абласным музеі Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова і прысвечана памяці Веры Сямёнаўны Кулагінай. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар музея Ірына Шышкова.
Гэтая выстава арганізавана сумесна з гарадской і абласной арганізацыямі грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын" у знак павагі да заслуг Ганаровага грамадзяніна Віцебска Веры Кулагінай. У гады вайны яна ўзначальвала адну з груп віцебскіх падпольшчыкаў, а ў пасляваенны час працавала ў органах дзяржаўнага кіравання і больш за 20 гадоў бесперапынна кіравала гарадскім жаночым рухам.
У экспазіцыю ўвайшлі архіўныя дакументы, фотаздымкі з фондаў музея, а таксама матэрыялы з сямейнага архіва, у тым ліку 17 дзяржаўных узнагарод Веры Кулагінай, дакументы і рэчы яе сясцёр Ганны і Марыі, якія ласкава прадастаўлены сваякамі. Аўтары экспазіцыі пастараліся не толькі прадставіць жыццёвы шлях заслужанага чалавека, але і паказаць, як складаўся лёс жанчын на вайне, якую ролю яны адыгралі ў той трагічны перыяд жыцця краіны, адзначыла Ірына Шышкова.
Першае званне Ганаровага грамадзяніна Віцебска было прысвоена легендарнаму партызанскаму камбрыгу Мінаю Шмырову ў 1964 годзе. Гэты факт падштурхнуў музейшчыкаў да вывучэння жыццядзейнасці грамадзян, чые заслугі таксама былі адзначаны прысваеннем ганаровага звання. Выставачны праект працягнуць экспазіцыі пра партызанскіх камбрыгаў Данііла Райцава, Міхаіла Біруліна, Мікалая Сакмаркіна, а таксама пра актыўных удзельнікаў партызанскага і падпольнага руху Міхаіла Цітова, Марыю Мацэнка і балгарскага Добра Дзімітрава, які ваяваў у брыгадзе Бацькі Міная і таксама ўдастоены звання Ганаровы грамадзянін Віцебска. Выставы прысвечаны 65-годдзю Вялікай Перамогі і стануць своеасаблівым візуальным вынікам навукова-даследчай работы супрацоўнікаў па тэме Ганаровых грамадзян Віцебска.
Мемарыяльны Музей партызанскага камандзіра брыгады Героя Савецкага Саюза Міная Філіпавіча Шмырова (партызанскі псеўданім Бацька Мінай) быў адкрыты 5 ліпеня 1969 года ў дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У яго склад уваходзіць 4 экспазіцыйных залы, прысвечаных розным этапам жыцця легендарнага партызанскага камбрыга, а таксама парк плошчай каля 0,5 га. На тэрыторыі паркавай зоны ўстаноўлены скульптурны бюст Міная Шмырова працы народнага мастака СССР Заіра Азгура, размясцілася дубовая алея, высаджаная былымі ўдзельнікамі партызанскага руху.-0-