Музей на колах і 3D-прынтэр для дарог: Віцебская вобласць прэзентавала свае "100 ідэй для Беларусі"

Музей на колесах и 3D-принтер для дорог: Витебская область презентовала свои "100 идей для Беларуси"

Выстава-прэзентацыя лепшых рэгіянальных праектаў рэспубліканскага конкурсу "100 ідэй для Беларусі" праходзіць сёння на базе галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Беларусі па Віцебскай вобласці.

Як растлумачыў выканаючы абавязкі першага сакратара абласнога камітэта БРСМ Віктар Глушын, сёлета ад моладзі рэгіёна паступіла каля 50 заявак з рознымі ініцыятывамі: ад сацыяльных праектаў да рацыяналізатарскіх ідэй і вытворчых інавацый. "Сёння мы прэзентуем 15 лепшых праектаў, іх аўтарамі пераважна з'яўляюцца студэнты, але ёсць і школьнікі, і працоўная моладзь, - адзначыў суразмоўца. - Усе ініцыятывы карысныя, некаторыя ўжо рэалізуюцца. А тыя, якім для увасаблення патрэбна дапамога, змогуць зацікавіць патэнцыйных інвестараў: на сустрэчы прысутнічаюць прадстаўнікі бізнесу горада. Праекты, якія абярэ экспертнае журы, прадставяць нашу вобласць на рэспубліканскай выставе ў пачатку 2016 года".

Сёлета на рэгіянальнай выставе, сапраўды, вялікая разнастайнасць тэм і сфер прымянення ідэй моладзі. Напрыклад, магістрантка ВДУ ім. П. Машэрава Валянціна Дыбаль прэзентуе эксперыментальны факультатыўны курс "Фізіка ў біялогіі". Яўгеній Багінаў з Дубровіна дэманструе прыладу для кантролю ўтрымання вады ў паліве. Васьмікласнік віцебскай СШ №35 Арцём Аўчыннікаў прадстаўляе аўтаномны мабільны і энергаэканамічны прыбор для награвання ежы. Шмат увагі прыцягвае праект "Сучасныя тэхналогіі ў дарожным будаўніцтве" з выкарыстаннем 3D-прынтара, прадстаўлены Мікітам Аверчанкам з Полацкага дзяржуніверсітэта.

Самая масавая і касцюміраваная прэзентацыя – у праекта "Музейны дыліжанс на колах часу" Віцебскага раёна. На двух аўтобусах Вымнянскай і Суйкоўскай сярэдніх школ размешчаны экспазіцыі на тэму Вялікай Айчыннай вайны з фондаў школьнага музея і народнага музея гісторыі Заронаўскага краю. Як патлумачыла кіраўнік другога з музеяў Людміла Нікіціна, аўтобусы ўжо з красавіка 2015 года курсуюць па раёне, яны пабывалі ў 20 населеных пунктах. Каля тысячы чалавек змаглі наведаць тэматычныя экскурсіі: "Гісторыя салдатскай лыжкі", "На прывале", "Сям'я на вайне", "Героі Вымнянскай зямлі" і іншыя. Яны не толькі ўбачылі, але і дакрануліся да экспанатаў, змаглі прымерыць салдацкую форму і адзенне часоў Вялікай Айчыннай вайны. Таксама на сваіх станцыях "дыліжанс" паказвае фільм пра тое, як моладзь раёна захоўвае памяць пра подзвіг народа і вызваліцеляў. А вучні даюць невялікія прадстаўленні – і кожны такі прыезд становіцца сапраўднай падзеяй, асабліва ў маланаселеных вёсках. "Па просьбах жыхароў мы вырашылі зрабіць праект бестэрміновым і проста мяняць экспазіцыі. Цяпер збіраем матэрыялы, прысвечаныя нашаму знакамітаму этнографу і фалькларысту Мікалаю Нікіфароўскаму, старадаўняму Тадулінскаму Свята-Успенскаму манастыру", – дадала Людміла Нікіціна.

Таксама на выставе-прэзентацыі запланавана форсайт-дыскусія "Моладзь. Фінансавая пісьменнасць. Бізнес", удзельнікі абмяркуюць актуальныя для маладых рацыяналізатараў пытанні.

"100 ідэй для Беларусі" – рэспубліканскі моладзевы конкурс БРСМ, асноўная задача якога заключаецца ў актывізацыі інавацыйнай дзейнасці і прафесійнай мабільнасці моладзі, стварэнні і прасоўванні інавацыйных праектаў і перспектыўных навукова-тэхнічных распрацовак.

Кацярына Князева, БЕЛТА.