Музей ганаровых грамадзян горада адкрыўся ў Віцебску
18 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Музей ганаровых грамадзян горада адкрыўся сёння ў Віцебску на базе сярэдняй школы №12, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік музея Алена Маўсясян.
У музеі каля 200 экспанатаў - асабістыя рэчы, кнігі, фотаздымкі і дакументы ганаровых грамадзян Віцебска, перададзеныя іх сваякамі. Вучням і прадстаўнікам школы ўдалося сабраць досыць абшырную калекцыю, якая прадстаўляе гісторыю прысваення звання з моманту яго зацвярджэння ў 1964 годзе, калі ганаровымі грамадзянамі Віцебска сталі легендарны партызан Мінай Шмыроў, Фёдар Блахін, Марыя Мацанка і Валерый Кандраценка, да цяперашняга часу.
Наведвальнікам тут будзе цікава, бо кожны стэнд будзе знаёміць іх з людзьмі, біяграфія якіх самым цесным чынам звязана з Віцебскам, яго аднаўленнем у пасляваенныя гады, культурным жыццём, спартыўнымі дасягненнямі. Так, у музеі захоўваюцца кішэнны гадзіннік і раздрукоўка ролі гараднічага, якую іграў народны артыст Беларусі і СССР Фёдар Шмакаў у п'есе Гогаля "Рэвізор". Ганаровае месца займае стужка Ганаровага грамадзяніна горада заслужанага будаўніка БССР Мікалая Мядзведскага. Без сумневу, прыцягнуць увагу экспанаты, звязаныя з ганаровымі грамадзянамі горада Міхаілам Цітовым, Валянцінай Церашковай, Іванам Люднікавым, Афанасіем Белабродавым і многімі іншымі вядомымі людзьмі, чые імёны сёння носяць вуліцы Віцебска.
У цяперашні час званне ганаровага грамадзяніна Віцебска прысвоена 49 чалавекам. Разам з вучнямі педагогі СШ №12 спадзяюцца сабраць інфармацыю аб кожным з іх. Характэрна, што побач з музеем размешчаны стэнд з фотаздымкамі вучняў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе і якімі школа ганарыцца. Як спадзяюцца стваральнікі музея, такое суседства стане для ўсіх рабят сімвалам таго, што кожны з іх за свае заслугі можа быць упісаны ў гісторыю не толькі сваёй школы, але і роднага горада.
Усяго ў Віцебскай вобласці функцыянуе каля 200 школьных музеяў, паведамілі ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама.-0-