«Музей шакаладных вырабаў» адкрыўся ў Віцебску

У Віцебску адкрыўся "Музей шакаладу", які прадастаўляе выставачную пляцоўку для прэзентацыі магчымасцей беларускіх кандытараў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла стваральніца музея, член Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласці Любоў Іванова.

Музей можа адначасова размяшчаць каля 100 выстаўных салодкіх аб'ектаў. Гэта разнастайныя фігуры, выкананыя ў тэхніцы ліцця і больш складаныя, камбінаваныя, а таксама карціны, намаляваныя шакаладам па шакаладзе. Такой незвычайнай тэхнікай валодаюць толькі дзве мастачкі ў рэспубліцы, і абедзве жывуць у Віцебску: член саюза дызайнераў Беларусі Таццяна Голубева і нядаўняя выпускніца Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Наталля Буяноўская. Астатнія працы выкананы пераважна навучэнцамі Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя, а таксама майстрамі вытворчага навучання Таццянай Есючэнка і Аленай Мураўёвай (кіраўнікі гуртка "Саладоха" пры ліцэі) і іншымі кандытарамі. Адны з самых складаных работ выраблены творчым кіраўніком "Музея шакаладу", яго галоўным кандытарам Любоўю Івановай. Гэта адначасова цёзка і аднафаміліца ініцыятара і кіраўніка музея. Такі незвычайны і прадуктыўны атрымаўся творчы дуэт.

Як патлумачыла Любоў Іванова, ідэя стварыць пастаянна дзеючы музей шакаладу прыйшла да яе пасля паспяховага правядзення ў Віцебску выставы з удзелам вядомага шакаладзье Нікаля летам гэтага года. Прадпрымальніца вырашыла адкрыць у горадзе своеасаблівую галерэю, якая прадаставіць выставачную пляцоўку для прэзентацыі магчымасцей беларускіх кандытараў. "Мне хацелася, каб больш людзей даведалася, які цудоўны шакалад робяць у Беларусі і як прыгожа ён можа падавацца. Ці пра тое, што 11 студзеня 2015 года беларускаму шакаладу споўніцца 110 гадоў. Усе экспанаты зроблены з айчыннага шакаладу, з яго ж выкананы і інфармацыйныя стэнды музея пра гісторыю гэтага ласунку ў нашай краіне", - патлумачыла Любоў Іванова.

Экспанаты ў такім незвычайным музеі будуць пастаянна замяняць. З лёсам старых работ Любоў Іванова пакуль не вызначылася. Адназначна, есці іх нельга, паколькі выстаўляюцца шакаладныя вырабы ў музеі не пад шклом. Але захоўвацца яны могуць доўга. Вядома, што самай старой у Еўропе шакаладнай фігурцы, выстаўленай у рыжскім музеі шакаладу "Лайма", ужо 120 гадоў.

Як адзначыла Любоў Іванова, у "Музеі шакаладу" таксама будуць праходзіць майстар-класы. А да 11 студзеня плануецца сюрпрыз. Каб госці музея ўжо з парога маглі атрымаць асалоду ад шакаладнага мастацтва не толькі візуальна, да ўваходнага білета прыкладаецца шакаладка.

Кацярына Князева