Музей-сядзіба Ільі Рэпіна «Здраўнёва» падрыхтаваў праграму мерапрыемстваў на час фестывалю "Славянскі базар у Віцебску"

Музей-усадьба Ильи Репина «Здравнёво» подготовил программу мероприятий на время фестиваля "Славянский базар в Витебске"
Адным з месцаў прыцягнення на карце сёлетняга «Славянскага базару» стала музей-сядзіба Ільі Рэпіна «Здраўнёва». Тут у першыя фестывальныя дні адкрыліся дзве выставы, пройдзе тэатралізаваная экскурсія для міністраў культуры краін-удзельніц ШАС, а таксама адбудуцца некалькі вечаровых паказаў спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія распавядаюць пра апошнія дні знаходжання мастака на сваёй летняй дачы пад Віцебскам.

У «Здраўнёва» з Яснай Паляны 

Пра творчыя і сяброўскія сувязі Ільі Рэпіна і старэйшай дачкі Льва Талстога Таццяны распавядае экспазіцыя з фондаў Дзяржаўнага музея вядомага пісьменніка ў Маскве. Выстава прымеркавана да дзвюх круглых дат, якія адзначаюцца сёлета, – 180-годдзе з дня нараджэння Ільі Рэпіна і 160-годдзе мастачкі, мемуарысткі, паслядоўніцы свайго вялікага бацькі – Таццяны Сухоцінай-Талстой.

У залах сядзібнага дома прадстаўлены працы двух аўтараў на падобныя сюжэты. У вітрынах выстаўлены лісты Ільі Рэпіна да маладой мастачкі, многія з якіх адпраўлены са Здраўнёва.

На працягу дзесяцігоддзяў працягваўся дыялог масцітага мастака з дачкой вялікага пісьменніка, якая лічыла Рэпіна сваім галоўным настаўнікам, прыслухоўвалася да яго парад, давярала ацэнкі. Віншуючы Таццяну з імянінамі, Ілья Яфімавіч пісаў: «Прашу Вас прыняць паблажліва мае лепшыя пажаданні... Адным з іх – не кідайце жывапіс».

Таццяна Львоўна пакінула цэлую галерэю партрэтаў бацькі, членаў сям'і Талстых, мноства каштоўных карцін яснайпалянскага побыту. Госці выставы, якая будзе адкрыта да канца верасня, атрымаюць рэдкую магчымасць убачыць гэтыя працы разам з шэдэўрамі прызнанага майстра.

Бравісіма, «Фларысіма»! 

«Крэмлі і святыні. Расія, Беларусь, Арменія» – так называецца экспазіцыя, падрыхтаваная Міжнароднай творчай асацыяцыяй фітакаляжыстаў і мастакоў «Фларысіма». Як распавяла яе кіраўнік Іна Макеева, усе працы выкананы ў аўтарскіх тэхніках: батыку, шарсцяной акварэлі, фларыстычным калажы, алеем, маркетры. Ёсць карціны, «напісаныя» мукой і соллю.

– Мэта выставы – абудзіць цікавасць гледача ад малога да вялікага да гісторыі краіны, яе святынь, паказаць прыгажосць вялікай і малой Радзімы. Магчыма, адкрыць нешта новае, – распавяла Іна Макеева.

«Фларысіма» – даўні сябар віцебскага краязнаўчага музея, і ўжо больш за дзесяць гадоў прывозіць на фестываль свае экспазіцыі.