Музейны комплекс аб вайне 1812 года плануецца стварыць у Віцебскай вобласці
12 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Музейны комплекс, прысвечаны Айчыннай вайне 1812 года, плануецца стварыць у Віцебскай вобласці, а таксама распрацаваць гісторыка-турыстычныя маршруты па месцах баёў. Аб гэтым паведаміў дырэктар Віцебскага філіяла МПДіСА доктар гістарычных навук, прафесар Веніямін Космач на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Беларусь у Айчыннай вайне 1812 года", якая адкрылася сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Месцам размяшчэння новай музейнай установы могуць стаць Бешанковіцкі раён, у прыватнасці, населены пункт Астроўна, дзе ўжо ёсць мемарыяльны аб'ект, звязаны з вайной 1812 года, або Віцебскі раён (мястэчка Кукавячына). Шматфункцыянальны музейны комплекс, канцэпцыя стварэння якога зараз прапрацоўваецца, будзе ўключаць шэраг аб'ектаў, у тым ліку капліцу ў памяць аб загінулых воінах, мемарыяльныя дошкі, пляцоўкі для правядзення гістарычных рэканструкцый. Сёння ў віцебскіх спецыялістаў ёсць напрацоўкі па фарміраванні экспазіцый і экспанаты, значныя вынікі даследаванняў па Айчыннай вайне 1812 года, якія могуць быць выкарыстаны пры стварэнні комплексу.
Акрамя таго, віцебскія спецыялісты з навуковых і навучальных устаноў, музейных устаноў і турфірм прапрацоўваюць магчымасць стварэння гісторыка-турыстычных маршрутаў па месцах бітваў вайны 1812 года, якія адбыліся на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Так, адзін з маршрутаў можа праходзіць праз Віцебск, Бешанковічы, Астроўна, Кукавячына, Полацк. На гэтай тэрыторыі ў 1812 годзе разгортваліся трагічныя, але разам з тым цікавыя і павучальныя падзеі, турыстычны патэнцыял якіх значны, упэўнены Веніямін Космач. У ходзе канферэнцыі плануецца прааналізаваць магчымасці па стварэнні такіх аб'ектаў і намеціць шляхі рэалізацыі праектаў з прыцягненнем усіх зацікаўленых суб'ектаў.
Інтарэс да навукова-практычнага форуму, які прысвечаны 200-годдзю перамогі Расіі ў Айчыннай вайне 1812 года, праявілі вучоныя і спецыялісты навуковых цэнтраў Беларусі, Расіі, Чэхіі, Украіны, краін Балтыі. На працягу двух дзён удзельнікі канферэнцыі прааналізуюць падзеі вайны 1812 года, абмяняюцца думкамі па шырокім спектры праблем, звязаных з гістарычным значэннем, урокамі і геапалітычнымі наступствамі ваеннага канфлікту XIX стагоддзя.
Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Віцебская епархія Беларускага экзархата, Віцебскі філіял Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін ФПБ пры падтрымцы аблвыканкама.-0-