Мужчыны Віцебскай вобласці 8 сакавіка будуць самымі галантнымі і ўважлівымі

2 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Мужчыны Віцебскай вобласці 8 сакавіка будуць самымі галантнымі і ўважлівымі, расказала карэспандэнту БЕЛТА выконваючая абавязкі першага сакратара Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ Людміла Капранава. У рэспубліканскай акцыі "Лепшы падарунак - гэта ўвага" возьмуць удзел звыш 1,5 тыс. маладых людзей Віцебскай вобласці. Гэта актывісты пярвічных арганізацый БРСМ, валанцёры і члены маладзёжных атрадаў аховы правапарадку. Яны выйдуць 8 сакавіка на вуліцы сваіх гарадоў, каб дапамагчы ўсім, хто мае патрэбу ў мужчынскай падтрымцы, прадстаўніцам прыгожага полу: маладыя людзі панясуць цяжкія сумкі, пададуць руку пры выхадзе з грамадскага транспарту, адчыняць у патрэбны момант дзверы, а таксама проста падораць усмешку і павіншуюць са святам. Месцы сустрэчы з самымі галантнымі і ўважлівымі мужчынамі вызначаюцца загадзя. Напрыклад, у Віцебску іх можна будзе сустрэць каля чыгуначнага вакзала, на прыпынках грамадскага транспарту ў цэнтры горада, расказала суразмоўніца. Акцыя заклікана падарыць радасць і некалькі прыемных хвілін жанчынам. Аднак разам з гэтым яна павінна нагадаць усім мужчынам, што паважліва і ўважліва да жанчын неабходна ставіцца заўсёды, а не толькі па святах, дадала Людміла Капранава. Як паведамілі ва ўпраўленні культуры Віцебскага аблвыканкама, напярэдадні 8 сакавіка ў вобласці пройдуць традыцыйныя мерапрыемствы ў гонар свята: урачыстыя прыёмы, круглыя сталы, канцэрты, урачыстыя зборы, тэматычныя экспазіцыі падрыхтуюць бібліятэкі. У Віцебскім абласным музеі адкрыецца выстаўка работ Вольгі Ануфрыевай "Адлюстраванне душы", а ў мастацкім музеі - экспазіцыя "Каштоўная мая жанчына", падрыхтаваная мастакамі абласнога цэнтра.-0-