Музычна-цырковыя фантазіі ўбачаць віцябляне ў Міжнародны дзень музеяў

18 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Музычна-цыркавыя фантазіі ўбачаць сёння віцябляне ў Міжнародны дзень музеяў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Арт-праект "Музычна-цыркавыя фантазіі ад Марка і Казіміра" упершыню праводзіць Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва. Акцыя прысвечана заснавальнікам Віцебскай мастацкай школы - Марку Шагалу, Казіміру Малевічу, Элю Лісіцкаму. "Гэтыя мастакі стварылі цэлую галерэю незабыўных вобразаў, звязаных з цыркам, тэатрам, музыкай", - адзначылі ў цэнтры. Удзельнікамі яркага перфомансу стануць артысты "Неверагодна дзіўнага цырка" пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Расіі Мікалая Чэлнакова, мастакі Віцебска, гімнасты спартыўнага клуба пад кіраўніцтвам Валерыі Бажэнавай, члены студыі "Move-art" Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, нефармальныя музычныя гурты Віцебскага "Бітлз клуба". У выставачнай зале Музычнай гасцінай горада адкрыецца выстава фотаздымкаў "Палет адчувальнасці" з асабістай калекцыі Мікалая Чэлнакова. На пляцоўках каля выставачнай залы адбудзецца маляўнічае шоў: маладыя мастакі будуць распісваць чатыры палотны - "Рух", "Вымярэнне", "Адчувальнасць", "Цырк". Тут жа пройдуць відэапрэзентацыі творчай спадчыны Марка Шагала, Казіміра Малевіча і Эля Лісіцкага, фільмаў пра сучасных мастакоў абласнога цэнтра і вясёлы конкурс з прызамі і падарункамі. Мэта мерапрыемства - заінтрыгаваць і зацікавіць наведвальніка неардынарнымі акцыямі, падкрэсліць значнасць гісторыка-культурнай спадчыны Віцебскай мастацкай школы, музея ў жыцці грамадства. Таму асноўны прынцып арт-праекта - адкрытасць і даступнасць для гледача.-0-