Музычныя калектывы з васьмі краін выступяць на фестывалі ў Дубровне

10 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міжнародны фестываль "Дняпроўскія галасы ў Дуброўна" пройдзе 25-27 чэрвеня ў Дубровенскім раёне, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела культуры Дубровенскага райвыканкама Кацярына Лабука. Удзельнікамі 17-га міжнароднага форуму, прысвечанага 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, сёлета стануць звыш 20 калектываў з Беларусі, Польшчы, Эстоніі, Расіі, Літвы, Латвіі, Украіны і Славакіі - усяго чакаецца каля 700 чалавек. Адкрые святочную праграму Дзень горада. Запланаваны ўшанаванні гараджан, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Дуброўна, пераможцаў гарадскога конкурсу па добраўпарадкаванні. Віншаванні чакаюць таксама самых юных і найстарэйшых жыхароў, маладых сем'яў, якія вырашылі ў гэты дзень змацаваць свой шлюбны саюз. Адбудзецца цырымонія прысваення звання "Ганаровы грамадзянін горада Дуброўна". Галоўнымі гасцямі на свяце будуць ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Спецыяльна для іх арганізаваны канцэрт "Салют салдатам Перамогі!" з удзелам пераможцаў абласнога агляду-конкурсу маладых выканаўцаў патрыятычнай песні "Песні юнацтва нашых бацькоў". 26 чэрвеня пачынаецца заезд удзельнікаў фестывалю з іншых краін. Першымі хлебам-соллю выйдуць сустракаць дарагіх гасцей члены народнага клуба нацыянальнай кухні "Дубровенскія прысмакі". Гэтая цырымонія, суправаджаная песнямі і танцамі, ужо даўно стала добрай традыцыяй фестывалю, адзначыла суразмоўніца. Яшчэ адной яркай падзеяй гэтага дня стане канцэрт юных выканаўцаў народнай песні і музыкі Дубровенскага раёна "Дняпроўская салавейка" з узнагародай лепшых удзельнікаў і маштабная выстава-конкурс нацыянальнай лялькі "Дубравушка". Сёлета да ўдзелу запрошаны не толькі майстры народных рамёстваў, але і навучэнская моладзь, творчыя людзі з іншых рэгіёнаў Беларусі, госці з іншых краін. Асноўныя мерапрыемствы фестывалю пройдуць у апошні дзень форуму. Пачнецца ён з урачыстага тэатралізаванага шэсця ўдзельнікаў і гасцей па цэнтральнай вуліцы горада. Затым адбудзецца гала-канцэрт мастацкіх калектываў і выканаўцаў, на час якога на гарадскім стадыёне будзе дэманстравацца сімвалічны "Кілім дружбы". Палатно памерам 2 м у шырыню і каля 3 м у вышыню, сатканае з розных матэрыялаў, прывезеных удзельнікамі з розных краін, штогод папаўняецца новымі фрагментамі. Акрамя таго, гараджан чакае яркі канцэрт з удзелам вядомых беларускіх выканаўцаў Ганны Шаркуновай і Германа, які завершыцца феерверкам.-0-