Музычны музейны марафон будзе арганізаваны ў Полацку ў ноч музеяў
Музычны музейны марафон пройдзе ў Полацку ў ноч музеяў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
Міжнародны дзень музеяў у старажытнай беларускай сталіцы пройдзе пад знакам 30-годдзя канцэртнай залы Сафійскага сабора. Жыхары і госці Полацка атрымаюць магчымасць атрымаць асалоду ад музыкі разнастайных стыляў і напрамкаў на мерапрыемствах з удзелам прафесійных і аматарскіх творчых калектываў.
Так, у Дзіцячым музеі будуць выступаць юныя таленты – выхаванцы школы мастацтваў, а ў прырода-экалагічным музеі для дзяцей правядуць музычную віктарыну "Крылатыя спевакі". У Дамку Пятра I пройдзе літаратурна-музычны вечар "Мелодыі, апаленыя вайной", у Мастацкай галерэі будуць гучаць "Трубы срэбныя гукі".
Музей беларускага кнігадрукавання запрашае на прэзентацыю фільма А.Аляксеева і В.Лукашэвіча "Гісторыя беларускай оперы" (у мерапрыемстве запланаваны ўдзел членаў здымачнай групы).
Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я ў ноч з 18 на 19 мая арганізуе для наведвальнікаў вечар пад назвай "Зайграй, зайграй, дудар!", а краязнаўчы ў ноч музеяў ператворыцца ў танцпляцоўку канца мінулага стагоддзя.
У самой канцэртнай зале Сафійскага сабора 18 мая пачнецца заключны канцэрт XXVI Міжнароднага фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі (Ксенія Пагарэлая – арган, Вікторыя Бабенка – скрыпка).
У музеях Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка з 18 мая адкрыюцца новыя экспазіцыі: у Мастацкай галерэі – выстава, прысвечаная 30-годдзю канцэртнай залы Сафійскага сабора "Пад скляпеннямі Сафіі"; у Дзіцячым музеі - выстава класічных музычных інструментаў "Сем чароўных звонкіх нот". У Краязнаўчым музеі на выставе "Мелодыі нашага квартала" можна будзе ўбачыць музычныя прыхільнасці палачан, а ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва - народныя інструменты.