Музыканты экстра-класа з пяці краін выступяць на фестывалі класічнай музыкі ў Віцебску
27 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Выканаўцы экстра-класа з Беларусі, Расіі, Фінляндыі, Швецыі і Галандыі возьмуць удзел у XXI Міжнародным музычным фестывалі імя І.Салерцінскага, які пройдзе з 3 па 24 снежня ў Віцебску. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі галоўны спецыяліст упраўлення культуры аблвыканкама Станіслаў Генеральніцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёлета арганізатары падрыхтавалі масу сюрпрызаў для прыхільнікаў класічнай музыкі, якія збіраюцца ў абласным цэнтры ў дні правядзення форуму з усіх рэгіёнаў краіны. Фестывальная афіша гэтага года багатая як на імёны выканаўцаў сусветнага ўзроўню, якія ўпершыню выступяць на віцебскай сцэне, так і на творы класікаў, якія таксама ўпершыню прагучаць у канцэртнай зале Віцебскай філармоніі. "Рэпертуарная палітыка фестывалю паступова ўскладняецца, але гэта адбываецца свядома - у Віцебску асвечаная, цікавая публіка. Віцебскі слухач гатовы да ўспрымання дастаткова складаных музычных твораў", - падкрэсліў Станіслаў Генеральніцкі. Акрамя таго, Віцебская філармонія набыла пры падтрымцы аблвыканкама нумарны раяль фірмы Steinway. Гэта лепшы інструмент у Беларусі, дзякуючы якому з'явілася магчымасць запрашаць музыкантаў экстра-класа, дадаў ён.
Адкрые фестываль выступленне аднаго з самых запатрабаваных на сусветнай сцэне расійскіх піяністаў, лаўрэата міжнародных конкурсаў Мікалая Луганскага. Музыкант прыязджае ў Віцебск толькі на 8 гадзін, у яго ўтварылася "фортачка" паміж канцэртамі ў Лондане і Японіі. Для віцебскага фестывалю гэта вялікая ўдача, бо перамовы з гэтым выканаўцам доўжыліся тры гады, адзначыў Станіслаў Генеральніцкі. Яшчэ адным поспехам арганізатараў суразмоўнік назваў удзел у фестывалі аднаго з лепшых і найбольш вядомага фінскага піяніста Юхані Лагерспетца, які дасць усяго два канцэрты падчас сваёй паездкі - у Віцебску, а затым у Санкт-Пецярбургу.
Арганізатары вырашылі вярнуць у праграму квартэтны жанр - упершыню на фестывалі выступіць адзін з лепшых у свеце струнны квартэт "Санкт-Пецярбург". Яшчэ адна фестывальная прэм'ера пройдзе на традыцыйным для форуму канцэрце сімфанічнай музыкі. Упершыню ўдзельнікам фестывалю стане Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, галоўны дырыжор - лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Аляксандр Анісімаў. Праслаўлены калектыў прывязе ў Віцебск праграму сумесна з лаўрэатам міжнародных конкурсаў выхаванцам беларускай выканальніцкай школы Юрыем Блінавым (фартэпіяна) і салісткай Дзяржаўнага музычнага тэатра Растова-на-Доне, адным з лепшых оперных сапрана Ірынай Крыкуновай.
Арганная музыка будзе прадстаўлена канцэртам масцітага шведскага арганіста Ханса Фагіуса. Ён упершыню пазнаёміць віцебскую публіку са шведскай выканальніцкай школай, у канцэрце прагучаць творы сучасных шведскіх выканаўцаў.
Незвычайны музычны эксперымент падрыхтаваў для слухачоў вядомы айчынны ансамбль салістаў "Класік-Авангард", які стаяў ля вытокаў віцебскага фестывалю і з'яўляецца яго пастаянным удзельнікам. Музыканты прывязуць у Віцебск праграму, цалкам прысвечаную музыцы Джорджа Гершвіна, сумесна з маладой беларускай эстраднай выканаўцай Дар'яй.
Форум класічнай музыкі ў Віцебску з'яўляецца адзіным у Беларусі камерна-музычным фестывалем, які сінтэзуе розныя віды мастацтва. Асноўнай задачай форуму з'яўляецца прапаганда сучаснага музычнага мастацтва і традыцый класічнай музычнай спадчыны, адраджэнне вялікіх культурных традыцый Віцебска, адкрыццё новых і адраджэнне забытых імёнаў у розных відах мастацтва.
Арганізатарамі Міжнароднага музычнага фестывалю імя І.Салерцінскага выступаюць Віцебскі аблвыканкам і дзяржаўная канцэртная ўстанова "Віцебская абласная філармонія". -0-