Музыканты з сямі краін удзельнічаюць у міжнародным фестывалі "Званы Сафіі" у Полацку
Музыканты з Беларусі, Расіі, Германіі, Польшчы, Швейцарыі, Румыніі, Харватыі прымаюць удзел у XIX Міжнародным фестывалі арганной музыкі "Званы Сафіі" у Полацку.
Праграма фестывалю доўжыцца паўтара месяца: першы канцэрт адбыўся пад скляпеннямі старажытнай Сафіі 12 кастрычніка, а апошнія акорды фестывалю прагучаць 23 лістапада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
"Выдатныя выканаўцы збіраюцца пад скляпеннямі Сафіі, каб падарыць аматарам арганной музыкі высокае майстэрства, пазнаёміць беларускіх слухачоў з музычнай культурай сваіх краін. З кожным годам павялічваецца колькасць удзельнікаў і пашыраецца геаграфія фестывалю. У праграме дзевятнаццатага форуму 9 канцэртаў - гэта разнастайныя сольныя арганы праграмы, а таксама ўпадабаныя слухачам ансамблі - арган з голасам, флейтай, трубой, камерным аркестрам, хорам", - расказалі арганізатары.
Упершыню ў полацкім форуме ўдзельнічаюць заходнегерманскі царкоўны арганіст Марцін Маер (выступіў 12 кастрычніка), нямецкі дуэт Іосіф і Сюзана Мільчыцкія (арган-сапрана, канцэрт 26 кастрычніка), арганіст з Польшчы Роберт Грудзень (2 лістапада).
Адкрыццё XIX Міжнароднага фестывалю арганной музыкі адбудзецца 6 лістапада. Слухачоў чакае сустрэча з полацкай арганісткай Ксеніяй Пагарэлай і камерным аркестрам "Еўропа-Цэнтр" (дырыжор - Раіль Садыкаў).
У новай праграме з удзелам акадэмічнага хору Віцебскага музычнага каледжа ім. І. Салярцінскага (кіраўнік Аляксандр Сувораў) будзе выканана прэм'ера "Месы" (Orgelsolomesse) А. Дыябелі. Прафесар арганной музыкі West University у Цімішаары (Румынія) Феліцыян Рошка 8 лістапада выканае ў Полацку старадаўнюю еўрапейскую музыку і творы румынскіх кампазітараў ХХ стагоддзя. Канцэртны швейцарскі арганіст Цырыл Шмідлін прадставіць слухачам сваю праграму 16 лістапада.
У дзень, калі ў Заходняй Еўропе шануюць апекуноў музыкі і музыкантаў святую Цэцылію (22 лістапада), у Полацку ўпершыню ў гісторыі фестывалю "Званы Сафіі" выступіць адзін з лепшых арганістаў Харватыі Эдмунд Aндлер-Борыч. Ён адрозніваецца віртуозным выкананнем музыкі эпохі рамантызму і сучасных твораў, актыўна канцэртуе ў Еўропе, Паўднёвай Афрыцы, ЗША, Расіі.
Завершыцца фестываль канцэртнай праграмай "Арган і медныя трубы". У дуэце з Ксеніяй Пагарэлай выступіць трубач-саліст, лаўрэат міжнароднага конкурсу, член міжнароднай гільдыі трубачоў, педагог і аранжыроўшчык, мастацкі кіраўнік Брас квінтэта "Руская пяцёрка" Аляксандр Сімановіч. У канцэрце музыка прадэманструе майстэрства ігры на некалькіх інструментах (труба, труба-пікала, флюгельгорн).
Адзіны ў Беларусі арганны фестываль "Званы Сафіі" ужо шмат гадоў збірае ў Полацку сусветна вядомых музыкантаў і іх прыхільнікаў.
Сафійскі сабор як музей гісторыі архітэктуры і канцэртная зала ўваходзіць у склад Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Гэта помнік архітэктуры сярэдзіны XI - сярэдзіны XVIII стагоддзя.
Музей адкрыты для наведванняў з 1987 года. Яго экспанаты распавядаюць пра гісторыю архітэктуры найстаражытнейшага мураванага будынка на тэрыторыі сучаснай Беларусі, шматлікія перабудовы, рамонты і апошнюю рэстаўрацыю помніка. У Сафійскім саборы можна ўбачыць фрагменты муравання ХІ стагоддзя, практычна цалкам захаваны старажытны падмурак, а таксама фрэскавыя роспісы канца ХІ стагоддзя.
Канцэртная зала ў Сафійскім саборы дзейнічае з 1983 года. Тут штогод праходзіць Міжнародны фестываль старажытнай і сучаснай камернай музыкі і міжнародны фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі".
Алена Ціханава