Музыкі з Венесуэлы ўпершыню выступяць на фестывалі арганнай музыкі ў Полацку
30 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Музыканты з Венесуэлы і нямецкі арганіст Эрык Мац упершыню выступяць на сцэне Канцэртнай залы Сафійскага сабора ў рамках XIV Міжнароднага фестывалю арганной музыкі "Званы Сафіі", які адкрыецца 1 лістапада ў Полацку. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў канцэртным аддзеле Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка.
Сёлета міжнародны фестываль у Полацку ўшануюць сваёй прысутнасцю музыканты з 5 краін. Творы класікаў сусветнай музыкі XVI-XXI стагоддзяў таксама выканаюць Ганс Хейн (Данія), Уладзімір Кошуба (Украіна), Людміла Голуб (Расія), беларускія арганісты Ксенія Пагарэлая і Ігар Алоўнікаў. Інструментальны ансамбль "БОЭМ" (Венесуэла) прадставіць класічную і нацыянальную венесуэльскую музыку. У праграме музычнага форуму запланавана 7 канцэртаў.
Адметнай асаблівасцю XIV фестывалю стануць ансамблевыя канцэрты - разам з арганнымі выканаўцамі выступяць Марыя Лепінская (мецца-сапрана, Украіна), Акадэмічны хор Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі, Камерны аркестр "Еўропа-Цэнтр".
Фінальны акорд фестывалю прагучыць 29 лістапада - на сцэне канцэртнай залы Сафійскага сабора збярэцца зорны склад выканаўцаў з Расіі. Музыканты Дзяржаўнага струннага квартэта імя М.Глінкі ў складзе Алега Смірнова (віяланчэль), Уладзіслава Песіна (скрыпка), Уладзіслава Безрукава (скрыпка), Льва Серава (альт) разам з арганісткай Людмілай Голуб выканаюць творы Баха, Гендэля, Моцарта і Мендэльсона.-0-