Музыканты шасці краін возьмуць удзел у фестывалі старадаўняй і сучаснай камернай музыкі ў Полацку

23 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Музыканты з Беларусі, Расіі, Германіі, Францыі, Эстоніі і Венесуэлы стануць удзельнікамі XXIV Міжнароднага фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі ў Полацку, які адкрыецца 24 сакавіка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла музычны рэдактар канцэртнай залы Сафійскага сабора Алена Мартынава. Арганізатары традыцыйнага фестывалю падрыхтавалі прыхільнікам камернай музыкі восем насычаных канцэртных вечароў. Па традыцыі адкрые фестываль выступленне сімфанічнага аркестра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. Гэты калектыў добра знаёмы паклоннікам фестывалю. Музыканты для выканання сваіх праграм пастаянна запрашаюць дырыжораў з розных краін, дзякуючы чаму кожны раз калектыў гучыць па-новаму. На XXIV фестываль разам з аркестрам у Полацк прыедзе вядомы эстонскі дырыжор Эркi Перк. Беларуска-эстонскі тандэм прадставіць складаную для выканання праграму, кульмінацыяй якой стане сімфонія №1 "Вясна" Роберта Шумана. Сёлета арганізатарам удалося рэалізаваць даўнюю ідэю аб жартаўлівым музычным праекце, які абавязкова павінен адбыцца 1 красавіка. У дзень смеху фестывальная афіша запрашае на канцэрт мінскай музычнай капэлы "Сонорус" пад назвай "Музыканты жартуюць". Яго праграму склалі творы, напісаныя з усмешкай на вуснах, у тым ліку полька "Поезд задавальненняў" Іагана Штрауса-сына, супершлягер "Хелло, Долі" Джэры Германа, канкан з аперэты "Арфей у пекле" Жака Афенбаха і іншыя. Беларуска-расійска-нямецкі інструментальны квартэт пазнаёміць слухачоў з бязмежнымі магчымасцямі кантрабаса ў канцэртнай праграме "Primavera - ад класікі да джазу". У склад квартэта ўвайшлі лаўрэаты міжнародных конкурсаў Сяргей Карачун (кантрабас) і Андрэй Шынкевіч (кантрабас), Марына Рамейка (фартэпіяна) і Уладзімір Куніца (альт). Творы класікі, сучасныя джазавыя кампазіцыі ў выкананні незвычайнага па складзе інструментаў квартэта дададуць у фестывальную палітру новыя нечаканыя фарбы, упэўненыя арганізатары. На канцэрце арганнай музыкі вядомы французскі выканаўца і часты госць Полацка Ален Бовэ прадставіць французскі погляд на класічныя музычныя творы для аргана. Двухсоцце з дня нараджэння вялікага кампазітара Ферэнца Ліста прысвецяць сваё фестывальнае выступленне вядомая полацкая арганістка Ксенія Пагарэлая і таленавіты піяніст Арсеній Садыкаў. Праграма складзена такім чынам, каб раскрыць новыя грані творчасці венгерскага майстра, уключаючы яго раннія творы і да сталасці духоўнай музыкі. Духоўная і свецкая харавая музыка складзе праграму канцэрта Магілёўскай харавой капэлы, якая выступіць на фестывалі пад кіраўніцтвам дырыжора з Венесуэлы Херарда Эстрады. Заключны музычны вечар арганізатары фестывалю традыцыйна прысвячаюць рамансу. Адзін з самых папулярных на фестывалі жанраў прадставіць 20 красавіка вакальная група "Чысты голас" (Беларусь).-0-