МЗС Беларусі падрыхтавала прапановы па распрацоўцы закона аб каменданцкай гадзіне для падлеткаў

8 лютага, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. МУС Беларусі падрыхтавала свае прапановы па распрацоўцы закона, які б забараніў непаўналетнім знаходзіцца ў грамадскіх месцах пасля 23.00 без суправаджэння бацькоў або асоб, што іх замяняюць. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні прафілактыкі МУС. У міліцэйскім ведамстве нагадалі, што раней падобныя нормы дзейнічалі ў рэгіёнах Беларусі і былі замацаваны ў розных дакументах, прынятых на мясцовым узроўні. Як лічаць у МУС, увядзенне каменданцкай гадзіны магло б стаць дадатковай мерай па прафілактыцы падлеткавай злачыннасці. Бо непаўналетнія парушаюць закон як правіла позна ўвечары ці ўночы. Пэўныя крокі па ўвядзенні каменданцкай гадзіны для падлеткаў ужо зроблены. 12 студзеня 2011 года ўступіла ў сілу новае палажэнне КоАП - арт.17.12 "Допуск на начныя дыскатэкі, у культурна-забаўляльныя клубы непаўналетніх", па якім уладальнікі начных клубаў могуць быць аштрафаваны, калі пасля 22.00 у установе будуць знаходзіцца непаўналетнія. За парушэнне гэтага артыкула індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам (гаспадарам устаноў) пагражае штраф у памеры ад 10 да 50 базавых велічынь (адна базавая цяпер роўная Br35 тыс.). Раней правілы правядзення забаўляльных мерапрыемстваў, зацверджаныя Саўмінам, таксама забаранялі знаходжанне непаўналетніх на дыскатэцы пасля 22.00, але ніякага пакарання за гэта прадугледжана не было. У МУС таксама паведамілі, што цяпер на ўліку ў краіне знаходзяцца каля 15 тыс. непаўналетніх. Разам з тым удалося дамагчыся істотнага зніжэння ўзроўню падлеткавай злачыннасці - на 41,3% з 2006 года.-0-