МВФ задаволены эканамічнай палітыкай Беларусі

25 жніўня, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. Міжнародны валютны фонд задаволены эканамічнай палітыкай, якую праводзіць Беларусь. Аб гэтым заявіў сёння дырэктар Еўрапейскага дэпартамента МВФ Марэк Бэлька на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "У цэлым мы задаволены агульнымі напрамкамі эканамічнай палітыкі, якую праводзіць урад Беларусі", - адзначыў Марэк Бэлька. Ён нагадаў, што зараз у Мінску працуе чарговая місія экспертаў МВФ. Праца місіі праводзіцца па двух асноўных напрамках: па другім аглядзе ў рамках крэдытнай праграмы "стэнд-бай" і па правядзенні звычайных кансультацый па артыкуле IV, якія ўяўляюць сабой традыцыйны інструмент маніторынгу развіцця кожнай краіны, якая з'яўляецца членам МВФ. У першым выпадку дыскусіі засяроджаны ў асноўным на пытаннях кароткатэрміновага характару. Найбольш актуальнай тут з'яўляецца праблема нізкага ўзроўню замежных рэзерваў, які можа ўяўляць небяспеку для стабільнасці краіны, лічыць Марэк Бэлька. На вырашэнні гэтага пытання засяроджана дзеянне праграмы МВФ і Беларусі, якая заканчваецца ў пачатку наступнага года. Акрамя таго, гэтая праблема з'яўляецца асноўнай тэмай абмеркаванняў экспертаў МВФ з кіраўніцтвам Нацбанка і Мінфіна. "Мы абмяркоўваем яе з пункту гледжання патокаў крэдытаў і іх уздзеяння на адток рэзерваў і з пункту гледжання падаткова-бюджэтнай палітыкі і яе ўплыву на ўнутраны попыт, што ў сваю чаргу ўплывае на ўзровень рэзерваў", - растлумачыў дырэктар Еўрапейскага дэпартамента МВФ. Што тычыцца пытанняў доўгатэрміновага характару, якія абмяркоўваюцца па артыкуле IV, то яны, у прыватнасці, прадугледжваюць вырашэнне пытання аб тым, як забяспечыць працяг высокіх тэмпаў эканамічнага росту, якія назіраліся ў Беларусі ў дакрызісны перыяд.-0-