На 30-й сесіі абласнога Савета дэпутатаў 26-га склікання абмяркоўвалася добраўпарадкаванне сельскіх населеных пунктаў.

На 30-й сессии областного Совета депутатов 26-го созыва обсуждалось благоустройство сельских населенных пунктов.

Хоць не засталіся па-за ўвагай і іншыя пытанні жыцця Віцебшчыны. Паўночнаму рэгіёну Беларусі штогод даводзіцца вырашаць мноства няпростых задач у самых розных сферах. І трэба заўважыць, што прыдзвінцы ў асноўным паспяхова з гэтым спраўляюцца.

– Віцебская вобласць па рэйтынгу развіцця тэрыторый займае першае месца ў рэспубліцы, – паведаміў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў, дакладваючы народным выбраннікам аб дзейнасці прэзідыума і становішчы спраў на дадзены моманты.

Аляксандр Ягоравіч адзначыў: тое, што ў мінулым годзе было зроблена органамі ўлады, усімі суб'ектамі гаспадарання для росту валавога рэгіянальнага прадукту, павышэння аплаты працы, стабілізацыі фінансава-эканамічнага становішча прадпрыемстваў, дазволіла павялічыць бюджэт вобласці і вылучыць значныя сродкі на сацыяльна значныя выдаткі. Бюджэт Віцебшчыны на 2013-ы зацверджаны з улікам выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў суме 13 665 мільярдаў рублёў (123 працэнты да мінулагодняга ўзроўню). Раённымі і гарадскімі Саветамі дэпутатаў у поўнай меры рэалізавана прадугледжанае заканадаўствам права па ўвядзенні мясцовых падаткаў і збораў, павелічэнні ставак падаткаў на зямлю і нерухомасць. Гэта дазволіць дадаткова прыцягнуць каля 200 мільярдаў рублёў.

Паступленні ў мясцовыя бюджэты можа павялічыць і актыўнае прыцягненне ў абарот невыкарыстоўваемай маёмасці. Па словах Аляксандра Ацясава, на 1 студзеня ў рэгіёне налічвалася 245,8 тысячы квадратных метраў падобных будынкаў і збудаванняў, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці. Да канца года ім неабходна знайсці прымяненне – такое патрабаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Старшыня дэпутацкага корпуса Прыдзвіння распавёў пра зробленае і тое, што яшчэ трэба зрабіць для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі, пра працу па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, развіцці спартыўнай базы. Але асабліва ён спыніўся на выкананні Праграмы добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў Віцебскай вобласці на 2012–2015 гады. Гэты дакумент, які не мае аналагаў у нашай рэспубліцы, прадугледжвае цэлы комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на тое, каб зрабіць нават аддаленыя ад вялікіх гарадоў куткі роднага краю прыгожымі і ўтульнымі.

– Было ўзведзена і адрамантавана 160 тысяч пагонных метраў агароджы, устаноўлена звыш тысячы малых архітэктурных формаў, – пералічваў Аляксандр Ягоравіч. – Наведзены парадак больш чым на 1200 грамадзянскіх могілках, пасаджана тысяча дрэў, каля 75 тысяч кветак.

Пераўтварэнні закранулі і многія прыватныя падворкі. Дарэчы, вялікі ўклад у добраўпарадкаванне сяла ўнеслі гарадскія шэфы. Прымацаваныя да канкрэтных тэрыторый прадпрыемствы і арганізацыі аказвалі дапамогу ў выдаленні драўняна-хмызняковай расліннасці, зносе старых дамоў, устаноўцы агароджаў, рамонце фасадаў, уборцы несанкцыянаваных звалак. Акрамя таго, выдзяляліся сродкі на набыццё трымераў, будматэрыялаў, выраб малых архітэктурных формаў, абсталяванне дзіцячых і спартыўных пляцовак. Найбольш актыўна дапамагалі сельскім жыхарам наваполачане.

Аднак старшыня Віцебскага аблвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец, які прысутнічаў на пасяджэнні, падкрэсліў, што не варта вырашэнне пытанняў добраўпарадкавання ўскладаць толькі на шэфаў. Свой уклад у агульную справу павінен унесці кожны, каб не паўтарылася сітуацыя, з якой давялося сутыкнуцца ў Талачынскім раёне. У той час як гараджане працавалі, мясцовыя жыхары працаздольнага ўзросту сядзелі на лавачцы, склаўшы рукі… Вядома, такое стаўленне недапушчальнае.

Кіраўнік вобласці лічыць, што працэс адраджэння вёскі нельга спыняць. Трэба прывесці ў парадак дарогі, якія вядуць да вёсак, развіваць інфраструктуру, каб прыцягваць туды насельніцтва.
Аляксандр Мікалаевіч распавёў таксама пра задачы, якія жыхарам прыдзвінскага краю трэба будзе вырашаць у бліжэйшы час.

– 2013-ы – Год беражлівасці. Але гэта яшчэ і год мадэрнізацыі нашых прадпрыемстваў, – звярнуўся да дэпутатаў старшыня аблвыканкама. – Віцебскай вобласці трэба 17 трыльёнаў рублёў, каб мадэрнізаваць прамысловасць. Асаблівую ўвагу будзем надаваць развіццю станкабудавання, энергетыкі, машынабудавання, выкананню Праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця.
Патрабуецца працягнуць рэканструкцыю малочнатаварных ферм, яшчэ больш павысіць контурнасць палёў і дамагчыся росту ўраджайнасці, каб атрымаць 1 мільён 100 тысяч тон фуражнага збожжа, неабходнага для далейшага развіцця аграпрамысловага комплексу.

Нямала праблем трэба будзе пераадолець будаўнічай сферы.
– За студзень-сакавік па папярэдніх ацэнках будзе пабудавана ўсяго 50 тысяч квадратных метраў жылля, а павінна было быць 150 тысяч, – сказаў Аляксандр Косінец, падкрэсліўшы, што для змены сітуацыі трэба мяняць падыходы да працы гэтай галіны.

Губернатар адзначыў: выйсці да канца года на ўзровень зарплаты ў 750-800 долараў у эквіваленце магчыма, але для гэтага спатрэбіцца эфектыўная праца ўсіх без выключэння прадпрыемстваў і арганізацый прамысловасці, АПК, будаўнічай індустрыі, сацыяльнай сферы.

Лілія ІЎЧАНКА, «Віцебскі рабочы».