На аграсядзібах Прыдзвіння 26 мая пройдзе дзень адчыненых дзвярэй.
Да штогадовай рэспубліканскай акцыі ў гэты раз далучылася 48 аб'ектаў аграэкатурызму Віцебшчыны. Традыцыйна гаспадары раскажуць аб паслугах, што аказваюцца, правядуць па сваіх уладаннях, пачастуюць чым-небудзь смачненькім уласнага прыгатавання. Увогуле, прадэманструюць усе тыя даброты адпачынку ў вёсцы, якія яны стварылі для сваіх пастаяльцаў. А ў некаторых месцах наведвальнікаў у гэты дзень чакаюць асобныя сюрпрызы. Напрыклад,
у «Лаўрынаўцы», што на Глыбоччыне, прапануюць у спякотны час акунуцца ў халодную вадзіцу міні-басейна, так бы мовіць, прайсці загартоўку, а пасля адбудзецца сапраўднае мядовае застолле. «Салодкую» тэму падтрымалі і ў сядзібе «Беседа», якая размешчана ў вёсцы Пунішча Лепельскага раёна. Там гаспадары-пчаляры адвядуць на месца «вытворчасці» карыснага прадукту – на пасеку. І раскажуць пра вулейтэрапію, прычым баяцца не варта, бо дадзены метад не прадугледжвае пчаліных укусаў. Некаторыя гаспадынькі прапануюць «паспытаць» вышуканыя стравы мясцовай кухні. Так, кулінарная спадчына ўсяго Глыбоцкага краю да паслуг турыстаў – на «Палянцы» (в.Сапеліна). Іншыя робяць стаўку на спартыўную праграму, у тым ліку «Кролава хата» ў Забор'і Расонскага раёна прэзентуе для аматараў актыўнага адпачынку водны маршрут. Ну і які ж вольны час на сяле без добрай лазні! Сакрамі лёгкага пара можна будзе даведацца «У Гаўрыловіча» (Лепельшчына), у «Жывіцы» (Глыбоччына), «Бярозках» (Сенненскі раён) і многіх іншых сядзібах.
Увесь спіс аб'ектаў, якія гатовыя прыняць усіх у дзень адкрытых дзвярэй прыхільнікаў аграэкатурызму, размешчаны на сайце www.tourvitebsk.by
Наталля РЫЖКОВА.
“Віцебскі рабочы”