На базе Глыбоцкага доследнага лясгаса прайшоў семінар маладых ляснічых Віцебскай вобласці

На базе Глубокского опытного лесхоза прошёл семинар молодых лесничих Витебской области
Магутныя лясы пачынаюцца з малюсенькіх саджанцаў. Найдрабнейшыя недахопы ў выкананні тэхналогіі вырошчвання пасадачнага матэрыялу могуць прынесці каласальную шкоду. Аб тым, як захаваць, прымножыць для наступных пакаленняў лясныя масівы роднага краю, гаварылі ўдзельнікі абласнога семінара-нарады маладых спецыялістаў Віцебскага ДВАЛГА, наведваючы аб'екты Глыбоцкага доследнага лясгаса.

У склад Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання ўваходзіць 19 лясгасаў. У агульнай складанасці ў структуры працуе звыш 6 тысяч чалавек. Штогод у кастрычніку для пачаткоўцаў спецыялістаў, а сёлета іх больш за 80 чалавек, праводзяцца сустрэчы, якія дапамагаюць даведацца больш аб перспектыўных тэхналогіях, арганізацыі працы.

– Беражлівае выкарыстанне лясных рэсурсаў – адна з першачарговых задач кожнага лясгаса. Вазмяшчэнне лесу – справа не аднаго дня. Каб з маленькага саджанца вырасціць вялікае моцнае дрэва, патрабуецца некалькі дзясяткаў гадоў, – адзначыў галоўны ляснічы Віцебскага ДВАЛГА Яўген Філіпаў. – Юнакі і дзяўчаты ўжо некалькі месяцаў прапрацавалі ў лясгасах, самы час іх згуртаваць, наладзіць на адзіны лад, паказаўшы арыенціры, да дасягнення якіх яны павінны імкнуцца.

Дадзенае мерапрыемства Яўген Уладзіміравіч назваў азнаямленчай паездкай, тэарэтычным урокам пад адкрытым небам. Адкрыццё семінара адбылося ў базавым лясным гадавальніку Глыбоцкага доследнага лясгаса, на базе якога ў мінулым годзе створаны сучасны комплекс па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай.

Высокадакладная лінія высейвання насення забяспечвае размяшчэнне семечка ў самым цэнтры падзеленых вочак. Гэта гарантуе ідэальнае развіццё каранёвай сістэмы. У сямі цяпліцах агульнай плошчай 6 тыс. кв. м падтрымліваецца аптымальны тэмпературны рэжым, вільготнасць, асвятленне. Маецца аўтаматызаваная сістэма паліву, унясення угнаенняў. Выкананне ўсіх патрабаванняў гарантуе поспех.

– Гэта знакавы аб’ект не толькі для Глыбоцкага раёна, Віцебшчыны, але і ўсяго лясной гаспадаркі краіны. У рэспубліцы створана тры такія комплексы, яшчэ адзін будуецца ў Магілёўскай вобласці, – паведаміў Яўген Філіпаў.

Штогод на тэрыторыі Віцебшчыны з’яўляецца каля 4 тыс. га новых лясоў. Высокатэхналагічная вытворчасць, заснаваная на вырошчванні пасадачнага матэрыялу па фінскай тэхналогіі, мінімізуе чалавечы фактар, шматкроць пашырае агратэхнічныя тэрміны пасадкі лясных культур. Дырэктар Глыбоцкага доследнага лясгаса Сяргей Гайдук нагадаў, што саджанцы з закрытай каранёвай сістэмай можна пасадзіць практычна ў любы час года. Дадзеная тэхналогія – вялікая падмога для айчыннай лясной гаспадаркі.

Удзельнікі семінара пабывалі ў цяпліцах для вырошчвання пасадачнага матэрыялу ў закрытым грунце, агледзелі тэхніку, азнаёміліся з вытворчай дзейнасцю цэха дрэваапрацоўкі. 60% абрэзных піламатэрыялаў глыбчане адгружаюць на экспарт. Дарэчы, улічваючы зменлівую каньюнктуру рынку, перапрацоўкай драўніны сёння займаюцца практычна ўсе лясгасы Віцебскага ДВАЛХ. У перспектыве на тэрыторыі вобласці плануецца будаўніцтва двух пелетных заводаў для перапрацоўкі ў першую чаргу нізкасортнай драўніны.

На памяць аб праведзеным семінары яго ўдзельнікі пасадзілі некалькі маладых дрэўцаў у дэндралагічным садзе Глыбоцкага лясгаса, які з’яўляецца другім па велічыні і відавой разнастайнасці ў Беларусі пасля мінскага Цэнтральнага батанічнага саду.

"Віцебскія весці".