На беларуска-латвійскай мяжы затрымалі Jeep з патронамі
На днях у пункце мытнага афармлення "Бігосава-1" пры аглядзе аўтамабіля Jeep пад пасажырскім сядзеннем быў выяўлены пакет з дзясяткамі патронаў. У дачыненні да ўладальніка машыны, грамадзяніна Латвіі, праводзіцца праверка, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Пад пасажырскім сядзеннем аўтамабіля ў пакет былі схаваныя некалькі скрынак са 150 патронамі 12 калібра. Абмежаваныя да ўвозу прадметы не былі пазначаны ў пасажырскай мытнай дэкларацыі, таму ў дачыненні да грамадзяніна Латвіі праводзіцца праверка на прадмет здзяйснення злачынства, прадугледжанага ч.2 арт. 228 Крымінальнага кодэкса (Кантрабанда). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне аж да пазбаўлення волі тэрмінам на 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Супрацоўнікі мытні нагадваюць, што згодна з заканадаўствам, патроны ўваходзяць у пералік тавараў для асабістага карыстання, абмежаваных да ўвозу на тэрыторыю Мытнага саюза і вывазу. Таму іх перамяшчэнне праз мяжу дапускаецца толькі з улікам устаноўленых абмежаванняў і наяўнасці пісьмовага дазволу, выдадзенага ў МУС Беларусі. Пры гэтым фізічная асоба абавязана рухацца па "чырвоным" калідоры і запоўніць пасажырскую мытную дэкларацыю ў дачыненні да перамяшчаемых боепрыпасаў.