На добраўпарадкаванне дашкольных устаноў Віцебска ў 2014-2015 гадах будзе накіравана Br3,9 млрд.

На благоустройство дошкольных учреждений Витебска в 2014-2015 годах будет направлено Br3,9 млрд.
На добраўпарадкаванне дашкольных устаноў Віцебска ў 2014-2015 гадах будзе накіравана Br3,9 млрд. План мерапрыемстваў з такім аб'ёмам фінансавання зацверджаны сёння на пасяджэнні 38-й сесіі Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На добраўпарадкаванне дашкольных устаноў Віцебска ў 2014-2015 гадах будзе накіравана Br3,9 млрд. План мерапрыемстваў з такім аб'ёмам фінансавання зацверджаны сёння на пасяджэнні 38-й сесіі Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У адпаведнасці з планам у горадзе трэба замяніць агароджу на тэрыторыі спецыяльнага дзіцячага сада №1, мадэрнізаваць сістэму вонкавага асвятлення ў санаторных яслях-садзе №42, адрамантаваць і пабудаваць веранды, ценявыя навесы ў яслях-садах №№7,10, 12, 59, спецыяльным дзіцячым садзе №18 і санаторных яслях-садах №№37, 42. Рамонт асфальтавага пакрыцця запланаваны ў яслях-садах №№9,16, 17, 20, 58, 76, 85, 94, 99, 104, 105, санаторным яслях-садзе №42 і дзіцячых цэнтрах развіцця дзіцяці (ДЦРР) №№4, 5. Набыць спартыўнае і гульнявое абсталяванне трэба для ясляў-садоў №№ 27, 69, 74, 99, 101, ДЦРР №№1, 2, 3, 5. На гэтыя мэты будуць прыцягвацца як сродкі гарадскога бюджэту, так і пазабюджэтныя рэсурсы.

Як падкрэсліў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама Ігар Кіруценка, мерапрыемствы па добраўпарадкаванні тэрыторый дзіцячых садкоў (рамонт і афарбоўка гульнявога, спартыўнага абсталявання, завоз пяску, зямлі, афармленне кветнікаў, клумбаў, рамонт асфальтавага пакрыцця) рэалізуюцца ў абласным цэнтры штогод. Толькі за бягучы год на добраўпарадкаванне тэрыторый было зрасходавана больш Br570 млн. Акрамя таго, істотную дапамогу ў утрыманні тэрыторый аказваюць шэфствуючыя прадпрыемствы: ААТ "Даламіт", Віцебская бройлерная птушкафабрыка, Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі, Віцебскі кандытарскі камбінат "Віцьба", РУП "Беларусьнафта-Віцебскаблнефтапрадукт", УП "Віцебскаблгаз", ААТ "Кераміка" і інш.

"Разам з тым, улічваючы той факт, што большасць устаноў дашкольнай адукацыі ўведзены ў эксплуатацыю больш за 40 гадоў таму, пытанні рамонту веранд, асфальтавага пакрыцця, замены састарэлага абсталявання стаяць востра", - канстатаваў Ігар Кіруценка, прывёўшы ў прыклад наступныя даныя. На сённяшні дзень у рамонце веранд і ценявых навесаў маюць патрэбу 37 дзіцячых садкоў горада. Рамонт асфальтавага пакрыцця дарожак і пляцовак патрабуецца ў 39 садках. Прыняцце мер па прывядзенні ў належны тэхнічны стан вонкавага асвятлення неабходна па 14 аб'ектах. Актуальным застаецца і пытанне аснашчанасці дашкольных устаноў надворным спартыўным і гульнявым абсталяваннем. Рэалізацыя прынятага плана мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні тэрыторый садкоў стане значным крокам у вырашэнні дадзенай праблемы, перакананы кіраўнік аддзела.

Актуальнасць гэтага пытання абазначыў і старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Мікалайкін, які прыняў удзел у рабоце сесіі. "Прыйшоў час паглядзець гэту праблему больш пільна. Адначасова вырашыць яе мы не зможам, але паступова, разам з прыцягненнем шэфскай, спонсарскай дапамогі цалкам пад сілу", - адзначыў мэр абласнога цэнтра. Ён таксама падкрэсліў, што ў апошнія гады з улікам павышэння нараджальнасці сістэма дзіцячых дашкольных устаноў Віцебска пашыраецца. Адкрыты два новыя дзіцячыя садкі ў мікрараёне Білева. У цяперашні час завяршаецца будаўніцтва дзіцячага садка ў мікрараёне Медцэнтр. Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на закладку яшчэ аднаго дзіцячага садка ў Білева, прыступіць да ўзвядзення якога плануецца ў наступным годзе. Між тым патрэба ў дадзеных аб'ектах застаецца, канстатаваў Віктар Мікалайкін. Так, яшчэ па адным дзіцячым садку патрабуецца пабудаваць у паўднёвым мікрараёне, мікрараёне Медцэнтр, па вуліцы Лаза. "Дзеці - наша будучыня, таму гэтае пытанне мы будзем вырашаць", - заключыў старшыня гарвыканкама.

Вольга Багачова