На добраўпарадкаванне населеных пунктаў Віцебскай вобласці за студзень-чэрвень накіравана Br60 млрд.
21 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На добраўпарадкаванне населеных пунктаў Віцебскай вобласці за студзень-чэрвень бягучага года накіравана Br60 млрд. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела дзяржкантролю за аховай і выкарыстаннем земляў, расліннага і жывёльнага свету, нетраў, асабліва ахоўных тэрыторый Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Жанна Алейнікава.
Вялікі аб'ём работ у першым паўгоддзі выкананы па адраджэнні гістарычнага аблічча Віцебска, рэканструкцыі будынкаў, якія ўяўляюць культурна-гістарычную каштоўнасць, узвядзенні новых грамадскіх аб'ектаў і ўдасканаленні горада. Так, праведзена рэканструкцыя другой чаргі плошчы Перамогі і пешаходнай вуліцы Суворава, Маскоўскага праспекта, вуліцы Гагарына. На рацэ Заходняя Дзвіна расчышчаны фарватар і добраўпарадкаваны тры прычалы. На Віцьбе пабудаваны пяць лодачных станцый. Яе пойма з лыжна-ралернай трасай, пляцоўкамі для футбола і валейбола стала адным з найбольш любімых месцаў адпачынку гараджан. Добраўпарадкаваны выгляд набылі і тэрыторыі каля Успенскага сабора, Ольгінскага манастыра, музея М.Ф.Шмырова.
Увага надавалася добраўпарадкаванню ўсіх населеных пунктаў, адзначыла суразмоўніца. Прадпрыемствамі ЖКГ высаджана каля 4 млн. кветак, пасаджана 29,4 тыс. дрэў, уладкавана 91,2 га газонаў, створана 114 дэкаратыўных кампазіцый. Праведзены работы па комплекснаму добраўпарадкаванню 65 дваровых тэрыторый. У гарадах і вёсках устаноўлена 6,2 км агароджаў, выкананы работы па капітальным рамонце 49,6 тыс. кв.м дарожных пакрыццяў. Праведзена грэйдзіраванне 528 км вуліц сектара індывідуальнай забудовы, адрамантавана 30,7 км шчэбеневых дарог.
Да летняга сезона на водных аб'ектах вобласці падрыхтавана 213 зон адпачынку, на якіх абсталявана 135 стаянак аўтатранспарту, 148 пляжных зон, 119 спартыўна-гульнявых пляцовак, а таксама грамадскія туалеты, смеццезборнікі. На тэрыторыі садаводчых таварыстваў устаноўлена 254 кантэйнеры для збору адходаў, добраўпарадкавана 371 пляцоўка часовага складання адходаў.
У другім паўгоддзі работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў працягнецца. Асаблівая ўвага будзе нададзена аптымізацыі сеткі ўнутрыгаспадарчых кар'ераў, міні-палігонаў і пляцовак часовага складання адходаў у сельскай мясцовасці, а таксама барацьбе з боршчэўнікам Сасноўскага, дадала Жанна Алейнікава.