На Браслаўшчыне выберуць найлепшага грыбніка і самы зручны касцюм для "ціхага палявання"
Грыбны фестываль "Браслаўскі грыб-2013" пройдзе 14 верасня і адбудзецца ўжо трэці раз. Як і ў мінулым годзе, збіраць грыбы ўдзельнікі будуць у Рацкоўскім бары.
Заснавальнікамі фестывалю з'яўляюцца аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Браслаўскі райкам "БРСМ" і аддзел адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама. Сутнасць фестывалю заключаецца ў тым, каб сабраць як мага больш ядомых грыбоў. Пра гэта "Край.бай" распавяла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Караткова:
- Пакуль праграма фестывалю знаходзіцца на стадыі ўзгаднення. Але ўжо вядома, што па ўмовах фестывалю прадпрыемствы горада прадставяць свае каманды складам не больш за пяць чалавек. Браслаўчане будуць спаборнічаць за тры прызавыя месцы ў самых розных намінацыях: "Самы вялікі грыб", "Самы маленькі грыб", "Лепшы касцюм грыбніка" і іншыя.
Таксама, па словах Галіны Каратковай, падчас правядзення грыбнага фестывалю будуць працаваць гандлёвыя кропкі.
Дакладная праграма фестывалю будзе вядомая пазней.
Кацярына Сушко, Край.by
Фота: Марына БЕГУНКОВА
?