На што пойдуць звышпланавыя даходы ў Віцебскай вобласці?
Амаль палова (19,8 млн) крэдытных рэсурсаў са сталіцы накіравана на паскораную замену ліфтоў, якія да 2021 года адпрацуюць нарматыўны тэрмін, у жылых дамах Віцебска, Наваполацка, Полацкага і Аршанскага раёнаў. Для фінансавай падтрымкі сельгасарганізацый у пагашэнні запазычанасці за пастаўленую тэхніку выдзелена ў выглядзе субсідый 21,6 млн руб.
Большасць карэкціровак датычыліся сацыяльнай сферы. На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года будзе дадаткова накіравана больш за 0,5 млн руб. Для рамонту аб'ектаў і вырашэння іншых пытанняў сферы культуры выдзелена з абласнога бюджэту звыш мільёна рублёў, больш за 50% з якіх прызначаны для Верхнядзвінска. Там рыхтуюцца да абласных «Дажынак», а дадатковыя грошы спатрэбіліся для набыцця абсталявання і завяршэння рамонту Цэнтра культуры і народнай творчасці, прывядзення ў парадак цэнтральнай бібліятэкі і дзіцячай школы мастацтваў.
– Хачу падзякаваць за тое, што пры падрыхтоўцы Верхнядзвінска да свята працаўнікоў вёскі ўвага надаецца не толькі маштабным праектам. Вырашаюцца праблемы невялікіх, але не менш значных для мясцовых жыхароў аб'ектаў, як, напрыклад, дзіцячая школа мастацтваў, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. – Важна за вялікім бачыць малое. Спадзяюся, што 1 верасня дзецям і педагогам будзе прыемна прыступіць да заняткаў у абноўленым будынку.
Акрамя таго, па 250 тыс. руб. будзе накіравана на набыццё гукавога і светлавога абсталявання і рамонт глядзельнай залы Дома культуры ў горпасёлку Балбасава на Аршаншчыне і ў Гарадоцкі раён на капрамонт горпасялковага Дома культуры ў Езярышчы.
За кошт перадзялення амаль 560 тыс. руб. будуць прафінансаваны работы на аб'ектах аховы здароўя ў Верхнядзвінскім, Гарадоцкім (Езярышчанская бальніца сястрынскага догляду), Докшыцкім (Бягомльская раённая бальніца), Ушацкім (цэнтральная райбальніца) раёнах. Таксама ва Ушачы будуць накіраваны дадатковыя сродкі на завяршэнне будаўніцтва ў 2018 годзе пажарнага дэпо.
У бюджэты раёнаў перададзена звыш 100 тыс. руб. на працяг работ па зносе старых і пустуючых будынкаў. Яшчэ каля 350 тыс. руб. выдзелена на закрыццё міні-палігонаў адходаў у Дубровенскім, Талачынскім, Чашніцкім раёнах, а таксама распрацоўку праектаў рэгіянальных палігонаў ТБО Наваполацка, Полацкага, Ушацкага, Расонскага раёнаў і будаўніцтва аналагічнага аб'екта ў Віцебску.
Бюджэтная сітуацыя дазволіла пашырыць інвестыцыйную праграму Віцебскай вобласці, уключыўшы ў яе жыццёва важныя аб'екты жыллёва-камунальнай сферы – дадаткова 15 аб'ектаў водазабеспячэння, праектаваць і будаваць якія будуць за кошт сродкаў абласнога бюджэту і іншых крыніц фінансавання. У асноўным гаворка ідзе пра станцыі абязжалезвання і ачышчальныя збудаванні ў сельскіх населеных пунктах.
ДАРЭЧЫ: Будаўніцтва станцый абезжалезвання плануецца ў Міёрах, аграгарадках Дразды (Бешанковіцкі р-н), Шанурова (Віцебскі р-н), Вархі (Гарадоцкі р-н), Селяўшчына (Расонскі р-н), Пушкі (Лёзненскі р-н), населеных пунктах Параф'янава (Докшыцкі р-н), Заслонава (Лепельскі р-н), Шуневічы (Глыбоцкі р-н), Ветрына і Нача (Полацкі р-н), Міцькаўшчына (Аршанскі р-н), Кордон (Шумілінскі р-н), а таксама сетак водазабеспячэння ў вёсцы Суйкава Віцебскага раёна.