На далейшую мадэрнізацыю Аршанскага ільнокамбіната будзе накіравана Br120 млрд.
23 верасня, Ворша /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Тэхнічная мадэрнізацыя рэспубліканскага ўнітарнага вытворча-гандлёвага прадпрыемства "Аршанскі льнокамбінат" будзе працягнута. Аб гэтым заявіў сёння журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі падчас наведвання льнокамбіната, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Камбінату трэба будзе асвоіць вытворчасць тканін шырынёй 2,2-2,5 м, якія запатрабаваны на еўрапейскім рынку. Пакуль тут выпускаюць тканіны шырынёй 1,5 м. Мяркуемы аб'ём інвестыцый складзе каля Br120 млрд. Абнаўленне вытворчасці пройдзе на працягу двух-трох гадоў. На гэта будуць прадастаўлены крэдытныя рэсурсы.
На прадпрыемстве з 2007 года рэалізуецца праграма тэхнічнай мадэрнізацыі. У лістападзе бягучага года ўвойдуць у строй дзве абноўленыя фабрыкі, якія ўваходзяць у склад камбіната. Іх тэхнічныя магчымасці дазволяць выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, запатрабаваную на ўнутраным і знешнім рынку. Для іх перааснашчэння было закуплена сучаснае абсталяванне замежных фірм, якое дало магчымасць укараніць у вытворчасць перадавыя тэхналогіі выпуску пражы і ніткі. З запускам абноўленай вытворчасці камбінат зможа апрацоўваць каля 26 тыс. льновалакна, а вытворчасць стане рэнтабельнай, упэўнены прэм'ер-міністр.
На тэхнічнае перааснашчэнне камбіната прадастаўлены дзяржаўныя субсідыі ў памеры Br53 млрд. Закуплена 122 адзінкі тэхналагічнага абсталявання.
Сяргей Сідорскі паставіў перад прадпрыемствам задачу скаардынаваць аб'ёмы вытворчасці новай прадукцыі і яе продажаў, максімальна выходзіць на знешнія рынкі з якаснай тканінай. Кантракты, у тым ліку доўгатэрміновыя, на пастаўку новых відаў тканін камбінат пачне заключаць ужо ў бліжэйшы час: дылераў чакаюць у пачатку кастрычніка.-0-