На эстрадным конкурсе «Славянскага базару» Беларусь будзе прадстаўляць студэнт БДМК Аляксандр Салаўёў
На міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск", які пройдзе падчас ХХII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", Беларусь прадставіць артыст Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Аляксандр Салаўёў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Салаўёў родам з Маладзечна. У родным горадзе ён скончыў музычнае вучылішча па класе акадэмічнага вакалу, зараз з'яўляецца студэнтам пятага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па класе эстраднага вакалу.
Аляксандра прызналі лепшым падчас паўторнага праслухоўвання ўдзельнікаў адборачнага тура міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск". Аб дадатковым аглядзе журы аб'явіла тыдзень таму, калі не змагло выбраць аднаго кандыдата падчас другога этапу адборачнага тура, у якім прынялі ўдзел 10 выканаўцаў. Тады судзейская калегія спыніла свой выбар на двух музыкатах: Аляксандры Салаўёве і выкладчыку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па класе вакалу Аляксандры Кавалёве, якія і былі запрошаны на паўторнае праслухоўванне.
У склад журы ўвайшлі мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля "Сябры" народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі, мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады народны артыст Беларусі Васіль Раінчык, кампазітар Алег Елісеенкаў, заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева. Старшыня экспертнай групы - першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі.
XXII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" плануецца правесці з 11 па 17 ліпеня.