На гэтым тыдні стартуе этап рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты

На этой неделе стартует этап регистрации кандидатов в президенты
Выбарчая кампанія паступова набліжаецца да апагею: на гэтым тыдні стартуе этап рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты.

Напярэдадні ЦВК апублікаваў звесткі аб колькасці даставерных подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Пакуль што падпісныя лісты здалі сем прэтэндэнтаў і, з усяго відаць, да 4 ліпеня, калі завершыцца падача дакументаў на рэгістрацыю, гэтая колькасць застанецца нязменнай.

Каманды гэтых сямі прэтэндэнтаў збіралі подпісы і на Віцебшчыне. Вынікі праведзенай працы, у тым ліку тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі па праверцы і ўстанаўленні колькасці выбаршчыкаў, якія паставілі подпісы ў падтрымку вылучэння, падвяла абласная камісія па выбарах Прэзідэнта на пасяджэнні 30 чэрвеня.

Як адзначыў старшыня аблвыбаркама Дзмітрый Хома, мерапрыемствы гэтага этапу кампаніі прайшлі ў строгай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам, на пасяджэннях камісій прысутнічалі назіральнікі, за выключэннем двух раёнаў. Невялікія тэхнічныя памаркі пры афармленні пратаколаў аператыўна ўстараняліся, скаргаў і зваротаў у аблвыбаркам не паступала.

У ходзе правядзення праверак подпісы прызнаваліся несапраўднымі перш за ўсё на падставе адказаў разлікова-касавых цэнтраў і аддзелаў па грамадзянстве і міграцыі АУС. Акрамя таго, калі ўзнікалі дадатковыя пытанні, то члены камісій звярталіся ў шэраг іншых арганізацый. У афіцыйных дакументах пазначаны падставы, па якіх подпісы прызнаны несапраўднымі. У шэрагу раёнаў даставернымі прызнаны ўсе подпісы, пададзеныя камандамі прэтэндэнтаў.

Такім чынам, на Віцебшчыне карціна электаральнай падтрымкі вылучэння прэтэндэнтаў афіцыйна выглядае наступным чынам. Ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі працавала ва ўсіх раёнах, і даставернымі прызнаны амаль 216 тыс. подпісаў. Прадстаўнікі Віктара Бабарыкі працавалі ў 8 раёнах (каля 11,5 тыс.), Валерыя Цапкалы — 15 (больш за 3,6 тыс.), Сяргея Чэрачня — 9 (18,7 тыс.), Ганны Канапацкай — 3 (звыш 7,6 тыс.), Андрэя Дзмітрыева — 17 (10,7 тыс.), Святланы Ціханоўскай — 10 (10,7 тыс.).

Збор подпісаў праходзіў з 21 мая па 19 чэрвеня. Затым іх дакладнасць правяралі раённыя камісіі на працягу дзесяці дзён пасля здачы падпісных лістоў. Патэнцыйныя кандыдаты на этапе вылучэння ў тэрмін да 4 ліпеня павінны прадаставіць у ЦВК неабходныя для рэгістрацыі дакументы. Яна пройдзе з 5 па 14 ліпеня. Пасля гэтага стартуе перыяд перадвыбарнай агітацыі.

"Віцебскія весці".