На фестывалі Magnificat-2014 пакажуць 43 кінастужкі з 16 краін свету
Дзясяты раз у Беларусі пройдзе міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлевізійных праграм Magnificat. З 24 па 28 жніўня ў Мінску і Глыбокім будуць паказаны 43 кінастужкі з 16 краін свету, паведамілі БЕЛТА у Рыма-каталіцкай царкве (РКЦ) у Беларусі.
Найбольшую колькасць конкурсных карцін у гэтым годзе (12) накіравалі з Расіі. На другім месцы - гаспадыня фестывалю Беларусь (10 кінастужак). Замыкае тройку краін па колькасці конкурсных работ Польшча (7 фільмаў).
Геаграфія краін-удзельніц юбілейнага кінафоруму ўражвае: акрамя названых краін, гэта Арменія, Вялікабрытанія, Грузія, Ізраіль, Італія, Іспанія, Казахстан, Македонія, Сербія, ЗША, Украіна, Францыя і Харватыя.
Фестываль стартуе 24 жніўня ў Мінску, а на наступны дзень пераедзе ў Глыбокае, дзе будзе прадстаўлена большасць конкурсных работ.
Традыцыйна на фестывалі пройдзе асобны конкурс мультыплікацыйнага кіно для дзяцей з дзіцячым журы, а таксама сустрэча з гледачамі Magnificat.
Арганізатары адзначылі, што юбілей кінафестывалю супаў з юбілеем яго стваральніка і кіраўніка. Рэжысёр Юрый Гарулёў святкуе ў 2014 годзе сваё 70-годдзе.
Фестываль Magnificat - гэта агляд работ беларускіх і замежных майстроў у галіне кіно і тэлебачання, накіраваных на евангелізацыю грамадства, падтрымку агульначалавечых каштоўнасцей, створаных у розных хрысціянскіх традыцыях. Форум праходзіць у Беларусі з 2005 года. Кінапрагляд патрануецца Канферэнцыяй каталіцкіх біскупаў Беларусі, заснаваны каталіцкай асацыяцыяй Signis-Belarus, студыяй "Стоп-кадр", а таксама Віцебскай каталіцкай епархіяй і часопісам "Дыялог".