На фестывалі міфалогіі ў Лепелі можна будзе пракаціцца на драўлянай ладдзі

На фестивале мифологии в Лепеле можно будет прокатиться на деревянной ладье
Шматжанравы фестываль міфалогіі "У госці да лепельскага Цмока" сёлета пашырыць фармат і прапануе гасцям асаблівы атракцыён - катанне на 30-мясцовай драўлянай ладдзі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прадстаўніца аднаго з арганізатараў - дырэктар ТАА "РайдоТур" Віялета Грудская.

Шматжанравы фестываль міфалогіі "У госці да лепельскага Цмока" сёлета пашырыць фармат і прапануе гасцям асаблівы атракцыён - катанне на 30-мясцовай драўлянай ладдзі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прадстаўніца аднаго з арганізатараў - дырэктар ТАА "РайдоТур" Віялета Грудская.

Упершыню гэты незвычайны фестываль адбыўся летась. Тады ў ім бралі ўдзел беларускія музычныя гурты, якія выкарыстоўваюць аўтэнтычную культуру і фальклор: "Рокаш", "Рэха", "Яварына". Сёлета яны зноў прыедуць на свята, якое запланавана на 8 жніўня.

Таксама запрашаюцца да ўдзелу прафесійныя і самадзейныя калектывы з розных краін, якія выступаюць на нацыянальнай мове і выкарыстоўваюць аўтэнтычныя міфалагічныя рэканструкцыі-стылізацыі, музыку, песні і танцы, герояў казак і паданняў.

Канцэрты, інтэрактывы, пленэр для юных мастакоў, творчыя майстэрні, кірмашы з беларускімі сувенірамі пройдуць на адкрытых сцэнах і пляцоўках. Запланаваны гісторыка-краязнаўчая гульня "У госці да Цмока", навукова-практычная канферэнцыя па пытаннях папулярызацыі міфалогіі, прэзентацыі аграэкасядзіб.

Прыемным сюрпрызам для ўсіх стане магчымасць пакатацца па Лепельскім возеры на сапраўднай 30-мясцовай драўлянай ладдзі. Яе пабудаваў умелец з Пастаў.

Гасцямі фестывалю стануць турысты, адпачывальнікі ў аграсядзібах, санаторыях і пансіянатах Лепельскага раёна. Сярод замежных удзельнікаў фэсту чакаюцца, у прыватнасці, суседзі-літоўцы. У Віцебску нядаўна адбылася сустрэча прадстаўнікоў туріндустрыі гэтай краіны з калегамі з Віцебскай вобласці. Пачуўшы пра фестываль, яны выказалі да яго вялікую цікавасць. Шмат у чым з-за таго, што Літву і Лепель звязвае імя Льва Сапегі - вядомага палітыка, дыпламата і мецэната ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай.

"Але галоўным аб'яднальным фактарам, дакладней, вобразам - з'яўляецца Цмок. Міфічная змеепадобная істота прысутнічае ва ўсіх культурах свету як адзін са знакавых сімвалаў, які ахоўвае прыродныя багацці. У залежнасці ад этнічных асаблівасцей кожны народ надзяляў гэту істоту ўласнымі рысамі.

Цмок часцей за ўсё быў агнядышным і звязаны з культам вадаёмаў. Ён мог выклікаць засуху ці, наадварот, стаць апекуном сельскай гаспадаркі. Беднага, але шчодрага мог адорваць скарбамі, а прагнага пакінуць без гроша. У беларусаў гэта Цмок, у літоўцаў - Айтварас, у палякаў - Вавельскі Цмок, у латышоў - Пукіс, у рускіх - Цмок (Змей Гарыныч).

Адзіная ў Беларусі скульптура Цмока стаіць на беразе Лепельскага возера і з'яўляецца турыстычным брэндам фестывалю і ўсяго рэгіёна", - адзначыла Віялета Грудская.

Арганізатары фестывалю - упраўленне спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама, Лепельскі райвыканкам, каардынатар зялёнага маршруту "Край жоўтых кувшинок і сівых валуноў" Вольга Махоненка, туроператар ТАА "РайдоТур" (Віцебск).

Кацярына Князева