На галоўнай ёлцы Віцебска загарэліся навагоднія агні

На плошчы Перамогі ў Віцебску яркімі агнямі засвяцілася галоўная навагодняя ёлка.

Сёлета эпідсітуацыя ўнесла некаторыя карэктывы ў правядзенне самага доўгачаканага зімовага свята. У Віцебску адмовіліся ад традыцыйнага шэсця Дзядоў Марозаў і Снягурак. Але 80 пар гэтых казачных герояў усё роўна сталі ўдзельнікамі канцэрта, прывітаўшы гледачоў каля сцэны на цэнтральнай плошчы горада.

Да з'яўлення галоўнага Дзядулі Мароза Віцебска гасцей свята забаўлялі творчыя калектывы. А яшчэ на вясёлае мерапрыемства завітаў самы дружалюбны трансформер Бамблбі, які выканаў запальны танец.

На свяце маленькіх і дарослых гледачоў чакаў сюрпрыз. Дзядуля Мароз прыбыў на джыпе-пазадарожніку, які навагодняму чараўніку прадаставіла абласное ўпраўленне МНС. Гэта было вельмі своечасова, бо надвор'е ў Віцебску пакідала жадаць лепшага. І менавіта нябесная канцылярыя ўнесла свае карэктывы ў самы чаканы момант свята – запальванне гірлянд на ёлцы. Аказалася, што цёплая і дажджлівая зіма сапсавала маразільны посах Дзядулі Мароза. І нават магутная энергетыка маленькіх і дарослых віцяблян не дапамагла яму запаліць агеньчыкі. Тады на дапамогу Дзядулі Марозу прыйшлі бясстрашныя гномікі-альпіністы, якія спусціліся з даху вышыннага будынка, прынеслі зорны пыл і адшукалі чароўны званочак. Варта было ім пазваніць у яго і рассыпаць вакол зорныя бліскаўкі, як маразільны посах зноў здабыў сваю сілу. І вось пасля агульнага закліку: "Раз, два, тры, ёлачка, гары!" на 35-метровай прыгажуні засвяціліся рознакаляровыя агеньчыкі.

Гледачы з задавальненнем паглядзелі займальную праграму з удзелам Доктара Айбаліта, які заклікаў захоўваць дыстанцыю і не забываць аб масках. Нікога не пакінула абыякавым выступленне аркестра Дзядоў Марозаў. Яшчэ адзін прыемны падарунак госці свята атрымалі ад юных ратавальнікаў-пажарных. Тыя ў стылізаваных уборах Дзядоў Марозаў выканалі на сцэне танец бяспекі.

Нават у такой няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі арганізатары свята знайшлі, чым здзівіць жыхароў і гасцей абласнога цэнтра. Удзельнікі канцэртнай праграмы зрабілі ўсё магчымае, каб кожны паверыў у навагодняе цуд і падарыў адзін аднаму часцінку душэўнага цяпла. Дзеці і дарослыя шчыра радаваліся, падпявалі і танцавалі разам з артыстамі. І няхай доўгачаканае свята не прынесла з сабой па традыцыі пухнатага снегу, але падарыла кожнаму адчуванне чараўніцтва.

8F03EB350A6432586420069A310_593393.jpg" title=""/>