На гарадскім суботніку ў Віцебску высадзілі дрэвы ў маладых мікрараёнах
Ён быў арганізаваны як завяршальны этап падрыхтоўкі да працы ў асенне-зімовы перыяд. Адны прадстаўнікі ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў прыводзілі ў належны стан працоўныя месцы, іншыя займаліся добраўпарадкаваннем замацаваных тэрыторый, у тым ліку на сацыяльна-значных аб'ектах.
Масавая высадка хмызнякоў і дрэў праводзілася ў раёне анкалагічнага дыспансера, радзільнага дома №2, каля дзіцячага садка №112 у мікрараёне Медцэнтр і дзіцячага садка, які будуецца, у мікрараёне Білева-2, а таксама на іншых пляцоўках горада. Кіраўнікі і работнікі Віцебскага гарвыканкама высаджвалі клёны ў Білева-2.
– Гэта новая забудова, дрэў пакуль мала, хоць сёлета тут ужо праводзілася азеляненне. Гадоў праз 15-20 Білева будзе зялёным мікрараёнам. Дрэвы пасаджаны побач з дзіцячым садам, будаўніцтва якога выйшла на заключную стадыю: завозіцца і ўсталёўваецца кухоннае і абсталяванне для дзіцячых пакояў, завяршаюцца аздабленчыя работы ў басейне, актавай зале. Думаю, што ўжо ў лістападзе дзіцячы сад прыме сваіх маленькіх новасёлаў, – сказаў старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін.
У гэтым мікрараёне востра адчуваецца недахоп дзіцячых садкоў, шмат сем'яў возяць дзяцей у дашкольныя ўстановы ў цэнтр горада.
Пад сённяшнюю патрэбу ў Білева павінна быць дзевяць дзіцячых садкоў
– Пад сённяшнюю патрэбу ў Білева павінна быць дзевяць дзіцячых садкоў. Таму будаўніцтва яшчэ аднаго, у Білева-3, мы плануем пачаць у наступным годзе. Ужо вызначаны заказчык, які займаецца праектна-каштарыснай дакументацыяй. Калі сад, які будуецца цяпер, разлічаны на 200 месцаў, то наступны пастараемся пашырыць да 300 месцаў, – паведаміў Віктар Паўлавіч.
Яшчэ адну школу ў Білева плануецца пабудаваць да 1 верасня 2020 года
Паралельна будзе ўзводзіцца яшчэ адна школа ў Білева, якую плануецца здаць да 1 верасня 2020 года. У гэтым годзе на яе выдзелена 7 млн рублёў, на наступны год – парадку 20 млн.
– Яшчэ адна школа і дзіцячы сад павінны быць і ў мікрараёне Медцэнтр, але ў Білева вастрэй адчуваецца патрэба ў дзіцячых садках, таму асноўныя сілы накіруем сюды. Распыляць сродкі не будзем, каб не гадаваць даўгабуды, – адзначыў Віктар Мікалайкін.
Прачытаўшы аб'яву аб суботніку, жыхарка мікрараёна Білева-2 Ганна Кандыранда разам з дочкамі Насцяй і Таняй таксама выйшла на суботнік. У гэты дзень у многіх кутках Віцебска працоўныя калектывы наводзілі парадак, высаджвалі дрэвы.
– Хочацца жыць у цудоўным, чыстым, зялёным горадзе, – адзначыў дырэктар Віцебскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры Леанід Якаўлеў, які разам з падначаленымі займаўся азеляненнем у канцы вуліцы Лаза.
Грашовыя сродкі, заробленыя на суботніку і пералічаныя на рахунак Віцебскага гарвыканкама, будуць выкарыстоўвацца на далейшае добраўпарадкаванне і развіццё горада, стварэнне твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, архітэктурных форм, прымеркаваных да важных гістарычных падзей.