На інвестфорум у Віцебск прыедуць бізнесмены з 26 краін
Першы ў гэтым годзе міжнародны інвестыцыйны форум у Беларусі адбудзецца ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным цэнтры маркетынгу.
З 19 па 20 сакавіка ў абласным цэнтры пройдзе форум "Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы". Мерапрыемства адбудзецца ўжо 12-ы раз. Услед за Віцебскам аналагічныя мерапрыемствы пройдуць у Гродне і Гомелі.
Цяперашні форум адрозніваецца ад папярэдніх тым, што праходзіць падчас складанай эканамічнай сітуацыі, таму важнасць мерапрыемства ўзрастае, адзначыў на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Канстанцін Чорны.
Форум будзе больш прагматычным і мэтавым - многія інвестары ў гэты раз едуць за канкрэтнымі прапановамі і для канструктыўнага дыялогу, а не простага азнаямлення. Тэматыка таксама пашырылася: акрамя традыцыйнага энергазберажэння, будуць прадстаўлены і перспектывы развіцця аграпрамысловага комплексу.
Нягледзячы на складаную эканамічную сітуацыю, цікавасць да форуму ў існуючых і патэнцыйных бізнес-партнёраў ёсць, і гэта пацвярджаецца колькасцю ўдзельнікаў і гасцей. У гэтым годзе плануецца ўдзел прадстаўнікоў з 26 краін свету, у той час як у 2014-м прыехалі госці з 6 дзяржаў.
Упершыню ў Віцебску сустрэнуцца прадстаўнікі дзелавых колаў з Польшчы, Славакіі, Германіі і Чэхіі - з гэтых краін чакаецца вялікая група гасцей. Прыедуць даўнія дзелавыя партнёры з Украіны, каб абнавіць пагадненне аб супрацоўніцтве.
Дзелавая праграма мерапрыемства ўключае навукова-практычную канферэнцыю, круглыя сталы, семінары і прэзентацыі, выставы-продажы з дэгустацыямі прадукцыі харчовай прамысловасці Віцебскай вобласці. Таксама будуць прэзентаваны найбольш паспяхова рэалізаваныя інвестпраекты і арганізавана азнаямленчая паездка на будаўнічую пляцоўку Віцебскай ГЭС і на кар'ер "Гралева" ААТ "Даломіт", дзе запланавана ўзвядзенне міні-ГЭС.
Для ўдзельнікаў і гасцей будуць арганізаваны дзелавыя сустрэчы з кіраўніцтвам Віцебскай вобласці, райвыканкамаў і прадпрыемстваў рэгіёну, каб яны азнаёміліся з камерцыйнымі прапановамі, інвестыцыйнымі праектамі і распрацоўкамі непасрэдна на месцах.
Акрамя таго, у Віцебску пройдзе ў гэтым годзе заключны этап рэспубліканскага дзіцячага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці "Энергамарафон - 2014". На ім будуць прадстаўлены лепшыя сацыяльна значныя працы па энергазберагальных тэхналогіях. У гэтым годзе ў ім прынялі ўдзел 100 навучэнцаў, 30 педагогаў. У дні форуму на базе СШ №12 адкрыецца рэсурсны цэнтр для знаёмства дзяцей і дарослых з рознымі тэхналогіямі ў галіне энергерезберажэння як бытавога, так і прамысловага сектара.
Яшчэ адным новаўвядзеннем форуму стане арганізаваная па яго выніках віртуальная выстава на абласным партале www.newsvit.by - тут на працягу бягучага года ўсім экспанентaм выстаў будзе прадстаўлена электронная пляцоўка. Гэта новацыя павысіць інвестыцыйную прывабнасць Віцебскай вобласці, дапаможа прасоўванню нацыянальных брэндаў і інвестпраектаў на сусветны рынак, устанаўленню новых і развіццю ўсталяваных дзелавых адносін.
Арганізатарамі форуму выступаюць Віцебскія абл- і гарвыканкамы, абласное ўпраўленне па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў, абласны цэнтр маркетынгу.
Кацярына Князева