На Кургане Дружбы адбылася 62-я сустрэча прадстаўнікоў Расіі, Латвіі і Беларусі
Сустрэчы на стыку трох межаў другі год запар у сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай становяцца ўсё карацейшымі, але застаюцца не менш душэўнымі. Як і ў мінулым годзе дэлегацыі і госці трох дзяржаў не перасякалі сваіх межаў, аднак усе традыцыі памятнай сустрэчы былі выкананы.
Курган узведзены на стыку межаў Расіі, Латвіі і Беларусі ў 1959 годзе ў памяць аб баявым братэрстве партызан і падпольшчыкаў. З тых часоў штогод у першую нядзелю ліпеня да яго з'язджаюцца людзі, якія даражаць памяццю сваіх продкаў і шануюць традыцыі. Многія наведваюць Курган Дружбы ў памятную дату некалькі гадоў запар, напрыклад, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў прысутнічае на сустрэчы трох дзяржаў ужо 25 раз.
– Сёння наведванне Кургана стала для мяне юбілейным, і я буду працягваць прытрымлівацца дадзенай традыцыі, – адзначыў ён. – Падобныя сустрэчы даказваюць, што дружба і ўзаемаразуменне народаў нашмат мацнейшыя за пандэмію і касыя погляды еўрапейскай супольнасці. Як паказалі апошнія падзеі, Расійская Федэрацыя для нас надзейны сябар і паплечнік, які заўсёды гатовы падставіць плячо. Важна, што і з латвійскага боку ёсць людзі, якія памятаюць нашу агульную гісторыю барацьбы з фашызмам, шануюць продкаў і перадаюць традыцыі праз пакаленні.
Аб тым, што Расія і Беларусь падзяляюць агульныя каштоўнасці, адзначыў і Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў.
– Зусім нядаўна, 9 мая, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сказаў аб нязменнасці дзяржаўнай пазіцыі ў абароне гістарычнай праўды, і ў гэты ж дзень Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін з трыбуны на Чырвонай плошчы перад 14 тысячамі вайскоўцаў гаварыў аб подзвігу бацькоў, павазе да ветэранаў. Такім чынам, два нацыянальныя лідары дзвюх дзяржаў, якія складаюць сёння Саюзную дзяржаву, прытрымліваюцца адзінай пазіцыі, – сказаў ён.
Пасля звароту кожнага з бакоў да прысутных, дэлегацыі Беларусі і Расіі згодна традыцыям абмяняліся вянкамі, якія ўсклалі да помніка камсамолцы-разведчыцы Марыі Пынто на тэрыторыі Расіі і да манумента героям-камсамольцам вёскі Прошкі ў Беларусі.
І хоць большасць партызан, якія ваявалі на тутэйшых землях, ужо няма ў жывых, яны нябачна прысутнічалі ў выглядзе партрэтаў, устаноўленых на тэрыторыі краін-удзельніц, а таксама распавядалі пра свае подзвігі праз сваіх унукаў і праўнукаў.
– Мой прадзед Аляксандр Канавальчанка пайшоў у партызаны, ваяваў у Верхнядзвінскім раёне і быў тройчы паранены. Я вельмі ім ганаруся і ўдзячны яму за тое, што мы жывем пад мірным небам, – расказаў дзесяцігадовы Кірыл Канавальчанка.
Завяршылася ўрачыстая сустрэча традыцыйным вогнішчам дружбы, полымя якога было перададзена з тэрыторыі Расіі ў Беларусь, і харавым выкананнем ваенных песень.