На Кургане Дружбы ў Верхнядзвінскім раёне адбылася сустрэча прадстаўнікоў Расіі, Беларусі і Латвіі
– Мы памятаем, хто пранёс сцяг Перамогі над Еўропай і вызваліў нашы краіны, – звярнуўся праз межы да ўсіх, хто прыйшоў на гэта святое месца, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. – Сустрэча на Кургане, якая аб'ядноўвае тры краіны, вельмі важная. Яна перажыла складаныя часы ў 1990-я гады, калі Савецкі Саюз падзяліўся на асобныя дзяржавы. Пандэмія, з-за якой сёння зачынены межы, таксама не зруйнуе традыцыю, уведзеную нашымі бацькамі і дзядамі. На жаль, нас сёння тут не так шмат, як у ранейшыя гады. Але вельмі важна, што сюды прыехалі тыя, хто памятае пра наша агульнае мінулае.
Пра гэта нагадвае і рукатворны Курган, узведзены на стыку межаў Расіі, Беларусі і Латвіі ў 1959 годзе ў памяць аб баявым братэрстве партызан і падпольшчыкаў. Захаваліся фатаграфіі першых сустрэч, калі тут збіраліся тысячы. Відавочцы распавядаюць, што на сонцы лясныя алеі, высаджаныя на тры бакі, літаральна свяціліся ад ордэнаў ветэранаў, якія ішлі па іх.
Сёння па беларускай алеі прайшлі прадстаўнікі аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, кіраўнікі Верхнядзвінскага раёна, дэпутаты, члены БРСМ. Насустрач ім выйшлі расійскія калегі, каб перадаць кветкі для ўскладання да помнікаў сакратару Себежскага райкама камсамола, партызанскай разведчыцы Марыі Пынто, які знаходзіцца на тэрыторыі Расіі, і камсамольцам-падпольшчыкам вёскі Прошкі Верхнядзвінскага раёна.
У капліцы Сергія Раданежскага, узведзенай у памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, адбыўся малебен. Ад імя расіян да прысутных звярнулася першы намеснік губернатара Пскоўскай вобласці Вера Емельянава, якая, у прыватнасці, сказала:
– У гэты няпросты час мы асабліва пранізліва адчуваем значнасць ветэранаў, чые выявы бачым на фотаздымках у руках маладых людзей. Яны нагадваюць, як шмат сіл аддалі гэтыя людзі, каб наша зямля жыла сёння і квітнела. Нашу Перамогу мы не аддадзім.
Завяршылася сустрэча традыцыйным вогнішчам дружбы і «Кацюшай». Гэтая песня, якую зацягвае шматгалосы хор па розных баках межаў, стала сімвалам сустрэчы на Кургане.
"Віцебскія весці".